Беларусь плануе ўзмацніць жорсткасць працэдуры давання грамадзянства
13- 12.11.2009, 12:01
Беларусь распрацоўвае праекты заканадаўчых актаў, на падставе якіх плануе ўзмацніць жорсткасць працэдуры давання беларускага грамадзянства.
Пра гэта паведаміў у Менску на паседжанні сумеснай камісіі дзяржаваў - удзельніцаў Пагаднення аб супрацоўніцтве краінаў СНД у барацьбе з незаконнай міграцыяй начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, перадае «Інтэрфакс» .
«Ідзе ўнясенне дадаткаў і зменаў у міграцыйнае заканадаўства Беларусі, якія павінны істотна ўзмацніць жорсткасць працэдуры атрымання беларускага грамадзянства для замежнікаў», - паведаміў Бягун.
Паводле яго словаў, змены і дадаткі ў заканадаўства мяркуюць павелічэнне колькасці ўмоваў для атрымання замежнікамі беларускага грамадзянства. Пры гэтым Бягун удакладніў, што гэтыя змены і дадаткі ўносяцца ў заканадаўства аб прававым становішчы замежнікаў у Беларусі.
Бягун таксама адзначыў, што «эканамічны крызіс аказаў значны ўплыў на павелічэнне знешняй працоўнай міграцыі ў краінах СНД».