Перапісчыкам не заплацілі 2 мільёны даляраў заробку (Фота)
19- 12.11.2009, 16:08
Нацыянальны статыстычны камітэт дагэтуль не расплаціўся з людзьмі, якія цягам месяца працавалі перапісчыкамі.
Як паведамляе «Еўрарадыё», перапісчыкам вінныя 2 мільёны даляраў. Пра гэта сведчыць афіцыйны дакумент, які пацвярджае, што дзяржава павінна была разлічыцца з 40 тысячамі перапісчыкаў да 7 лістапада.
Перапісчыкамі па ўсёй краіне працавалі ў асноўным студэнты. Ася Паплаўская, студэнтка журналісцкага факультэта БДУ, працавала перапісчыкам у Фрунзенскім раёне Менска. Яна распавяла, што дагэтуль так і не атрымала свае законныя 140 тысяч рублёў.
«Хаця і ў першай дамове, якую мы падпісвалі напярэдадні перапісу, і ў дамове аб выкананай працы, было пазначана, што грошы Статыстычны камітэт павінен выплаціць да 7 лістапада. Дагэтуль іх нам так і не выплацілі. Ва ўсіх маіх знаёмых такая ж сітуацыя», -- заявіла Ася Паплаўская.
Інструктары, пад кіраўніцтвам якіх працавалі перапісчыкі, сцвярджаюць, што грошы ўжо пералічаны, і ўся праблема складаецца ў «тэхнічных складанасцях», якія ўзнікаюць пры іх пераводзе праз пошту.
Начальнік упраўлення перапісу насельніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэта Святлана Навасёлава ўсім незадаволеным раіць уважліва чытаць падпісаныя дакументы. Паводле яе словаў, у дамовах сказана, што грошы будуць пералічаны да 13 лістапада.
«У грамадзянска-прававой дамове, якую падпісвалі ўсе перапісчыкі, запісана, што грошы будуць пералічаныя цягам 7 каляндарных дзён пасля падпісання дамовы. Да 13 лістапада яны ўсе атрымаюць грошы. На жаль, нашыя людзі не ўмеюць чытаць дамовы, якія яны падпісваюць», -- сказала Навасёлава.
Атрымліваецца, што і перапісчыкі, і чыноўнікі спасылаюцца на адныя і тыя ж дакументы. Толькі чамусьці ў дамове перапісчыка, які падпісвала Ася Паплаўская, выразна сказана, што «Галоўнае статыстычнае ўпраўленне горада Менска выплачвае 140 тысяч да 7 лістапада».
Перапісчыкамі ў Беларусі працавала 40 тысяч чалавек. Кожнаму мусяць выплаціць па 140 тысяч рублёў. Атрымліваецца, што Нацыянальны статыстычны камітэт мусіць выплаціць больш за 2 мільёны даляраў. А, акрамя гэтага, не хоча гэта прызнаваць.

