«Еўрарадыё» акрэдытавалі ў Беларусі ўсяго на год
3- 13.11.2009, 8:30
Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў ад 11 лістапада № 1463. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Саўмін пастанавіў «адкрыць у Рэспубліцы Беларусь карэспандэнцкі пункт таварыства з абмежаванай адказнасцю «Еўрапейскае радыё для Беларусі» (Рэспубліка Польшча) з выдачай пасведчання аб адкрыцці карэспандэнцкага пункта тэрмінам дзеяння адзін год».
12 лістапада ў інтэрв'ю БелаПАН старшыня праўлення «Еўрарадыё» Зміцер Новікаў выказаў меркаванне, што «гэта жэст беларускага боку па выкананні нейкіх дамоўленасцяў у перамовах з ЕЗ».
Новікаў адзначыў, што раней «Еўрарадыё» спрабавала акрэдытаваць уласнага карэспандэнта для працы ў Беларусі. «Журналіст сам падаваў дакументы ў МЗС, але яму было адмоўлена на падставе таго, што ён нібыта раней ужо працаваў на «Еўрарадыё» без акрэдытацыі. Хаця спецыяльна заяўку падаваў чалавек, які на нас да гэтага не працаваў», — адзначыў Новікаў.
Напачатку лета 2009 года ў МЗС быў накіраваны пакет дакументаў на акрэдытацыю карпункту «Еўрарадыё» ў Беларусі.
Нагадаем, што іншыя беларускія СМІ, якія вяшчаюць на краіну з-за мяжы – тэлеканал «Белсат», «Радыё Рацыя» ў Беларусі не акрэдытаваныя. Журналістаў гэтых СМІ затрымліваюць пры выкананні імі прафесійных абавязкаў ці выносяць папярэджанні ў пракуратуры.