Міліцыя працягвае арыштоўваць распаўсюднікаў незалежнай прэсы
4- 13.11.2009, 16:36
13 лістапада, другі раз за тыдзень, падчас распаўсюду друкаваных выданняў быў затрыманы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда.
Барыса Хамайду затрымалі каля так званага «Сяняга дома» - дома № 28 па вуліцы Леніна ў Віцебску. Як паведамілі апазіцыянеру супрацоўнікі міліцыі, загад на яго затрыманне аддаў начальнік Чыгуначнага РУУС, перадае «Радыё Свабода».
Распаўсюдніка незалежнай прэсы пратрымалі ў пастарунку, пакуль супрацоўнікі міліцы не перапісалі назвы ўсіх выданняў і выдавецтваў.
Паводле словаў Барыса Хамайды, у адносінах да яго ніякіх пратаколаў не складалі. Гадзіну супрацоўнікі міліцыі раіліся, што з імі рабіць, і яшчэ гадзіну праглядалі друкаваную прадукцыю распаўсюдніка – газету «Наша Ніва», часопіс «ARCHE», кнігі па гісторыі Беларусі.
Асаблівую ўвагу супрацоўнікаў міліцыі прыцягнула кніга Уладзіміра Падгола «Поцелуй Президента в разные места» — зборнік цытат з прамоваў Аляксандра Лукашэнкі. Міліцыянты не толькі гарталі, але нават прачыталі асобныя старонкі кнігі.
Сённяшняе затрыманне Барыса Хамайды — ужо другое на гэтым тыдні. 11 лістапада ён правёў у пастарунку тры з паловай гадзіны.