Грамадскім арганізацыям адмаўляюць у рэгістрацыі з-за назваў
3- 17.11.2009, 10:14
Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі Культурна-асветніцкаму аб'яднанню «Залаты Леў» са Слоніма.
У якасці прычыны для адмовы рэгіструючы орган назваў неадпаведнасць заканадаўству асобных палажэнняў статуту аб'яднання, у тым ліку тых, якія датычаць парадку ўнясення зменаў у статут і парадку абскарджвання рашэнняў органаў аб'яднання, паведамляе сайт spring96.org. Таксама чыноўнікі ўпраўлення юстыцыі сцвярджаюць, што паколькі ў статуце адсутнічае тлумачэнне словазлучэння «Залаты Леў», дык і назва гэтага аб'яднання супярэчыць статуту.
«Гэтае рашэнне рэгіструючага органа прынятае ў самых горшых традыцыях палітычных абмежаванняў свабоды асацыяцыяў, якія склаліся ў Беларусі, -- заяўляе юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Юры Чавусаў. -- Юрыдычныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі цалкам адсутнічаюць – прэтэнзіі да Статуту не грунтуюцца на заканадаўстве і з'яўляюцца вынікам свабоднай трактоўкі нормаў права з боку чыноўнікаў».
Мэтамі дзейнасці «Залатога Льва» з'яўляецца падвышэнне культурна-асветніцкай грамадзянскай актыўнасці жыхароў Слонімскага раёна для вырашэння грамадска значным праблемаў.