11 чэрвеня 2026, Чацвер, 2:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт ААН разгледзіць пытанне дыскрымінацыі беларускай апазіцыянеркі

1

У Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын зарэгістравана скарга Інгі Абрамавай.

Такую інфармацыю з Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека берасцейская актывістка руху «За Свабоду» атрымала 1 лістапада, перадае БелаПАН.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, актывістка дэмсіл Інга Абрамава накіравала індывідуальны зварот у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын 22 снежня 2008 года. Падставай для яго стала марнае абскарджванне ў беларускіх інстанцыях умоў утрымання ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) Ленінскага РАУС Берасця, дзе, як сцвярджае Абрамава, была дапушчана дыскрымінацыя яе як жанчыны.

Забарона на такую дыскрымінацыю прадугледжана Міжнароднай канвенцыяй аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын.

Актывістка дэмсіл была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі ў Берасці 10 кастрычніка 2007 года разам з актывістам апазіцыі Юрасём Бакурам. Яны развешвалі сінія стужкі на вадасцёкавых трубах дамоў, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да акцыі «Еўрапейскі марш», які мусіў адбыцца ў Менску. 11 кастрычніка нібы за «нецэнзурную лаянку» актывістку асудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, які яна адбывала ў ІЧУ Ленінскага РАУС.

У скарзе Абрамава заяўляе, што ў дадзенай установе, дзе персанал складаецца тольк з мужчын, яе дыскрымінавалі па прыкмеце пола. У прыватнасці, супрацоўнікі ІЧУ – мужчыны, сцвярджае яна, мелі магчымасць назіраць за ёй у той час, калі яна карысталася прыбіральней, бо ўнітаз, што знаходзіўся ў камеры, быў добра бачны з боку дзвярэй. Акрамя гэтага, ізалятар быў абсталяваны сістэмай відэаназірання, якая дазваляе дзяжурнаму і міліцыянерам ІЧУ увесь час сачыць за тым, што адбываецца ў камерах.

«Гэта першы такі зварот з Беларусі, зарэгістраваны ў Камітэце ААН па правах ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын, - падкрэсліў праваабаронца. – І ён закранае праблему, актуальную для ўсёй Беларусі. Паводле маіх дадзеных, толькі ў адным з ІЧУ у нашай краіне ў ліку персанала ёсць жанчыны. Ва ўсіх астатніх такіх установах жанчын-вязняў ахоўваюць толькі мужчыны».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках