Адсотак беларускай музыкі ў радыёэфіры абмежавалі
18- 20.11.2009, 9:51
Зараз правіла пра 75% беларускай музыкі дзейнічае толькі 9 гадзін на суткі.
Напрыканцы лета ў Міністэрстве інфармацыі прайшло паседжанне, мэтай якога было высветліць, ці патрэбна паменшыць адсотак айчыннай музыкі ў FM-прасторы. Як распавёў «Еўрарадыё» Эміль Джафараў, музычны рэдактар «Радыё Бі-Эй», 75% у эфіры ніхто не адмяняў, аднак гэтае правіла зараз распаўсюджваецца толькі на 9 гадзін эфіру за суткі.
«Мы кіруемся Палажэннем Міністэрства інфармацыі, згодна з якім у прайм-тайм павінна гучаць 75% беларускай музыкі. Па першым патрабаванні Мінінфармацыі робяцца справаздачы, што, у прынцыпе, абсалютна нармальна. Асабіста ў мяне з гэтым праблемаў ніколі не было. Звычайна міністэрства папросту дасылае запыт наконт якога-небудзь дня. Прычым абсалютна без аніякай нагоды», - паведаміў рэдактар.
Паводле яго словаў, ніхто не правярае кожны дзень, ці адгучалі беларускія выканаўцы на FM-дыяпазоне свае законам гарантаваныя 410 хвілін за суткі.
Цікава, што кожная радыёстанцыя фактычна сама прызначае гадзіны, у якіх будзе панаваць беларуская музыка. Аляксандр Папоў, праграмны рэдактар «Радыё Менск», распавёў, што «выкручвацца» можна па-рознаму. Напрыклад, вызначыць «рэйтынгавыя» гадзіны рознымі для выходных і працоўных дзён.
«У нас на радыё існуе тры блокі па тры «беларускія» гадзіны: раніца, дзень і вечар. Аднак фіксаваных гадзінаў няма, бо на выходныя, напрыклад, раскладка крыху змяняецца», - паведаміў Папоў.
На думку Алены Трашчынскай, кіраўніцы «Радыус FM», на такіх «умовах» радыёстанцыям стала працаваць нават лягчэй. Адзінае, што замінае, — нізкая прадуктыўнасць айчынных выканаўцаў.
«75% беларускай музыкі гучаць у эфіры 9 гадзін, згодна з рэйтынгавым часам нашай радыёстанцыі. Мы праводзім унутраныя апытанні слухачоў. Згодна з гэтым мы вызначаем гэты самы «рэйтынгавы час», у якім потым і гучыць беларуская музыка. І так, у прынцыпе, вызначаецца па гэтых 9 гадзінах кожная айчынная радыёстанцыя сумесна з Мінінфармацыі. Адзіная праблема, якую я бачу, — гэта недахоп музычнага матэрыялу. Вельмі хацелася б, каб беларускія выканаўцы крышачку хутчэй пісалі свае песні. Гэта адзінае, чаго нам бракуе», - сцвярджае яна.
Як бы там ні было, аднак спрэчкі наконт неабходнасці «кіравання» FM-дыяпазонам у выглядзе 75% айчыннай музыкі ідуць амаль бесперапынна. Але ўжо амаль як два месяцы гэтае правіла было палегчана: беларускія выканаўцы гучаць усяго толькі 9 гадзін з 24-х за суткі. А вось ці адбыліся нейкія якасныя змены ў эфіры — вырашаць кожнаму з нас.