Хваляванні прадпрымальнікаў на рынку «Ждановічы»
45- 20.11.2009, 14:12
20 лістапада многія індывідуальныя прадпрымальнікі рынку «Ждановічы» часова прыпынілі гандаль з-за раптоўных праверак, якія праводзіць людзі ў цывільным.
Як паведаміў сайту charter97.org адзін з лідэраў кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Алесь Таўстыка, сёння на «Ждановічы» нечакана наляцелі людзі ў цывільным.
«На рыдёрынку да індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Рудскога прыйшлі 6 чалавек. Не назваўшы сябе і не паказаўшы дакументы, яны прымусілі прадпрымальніка адчыніць «бокс», зайшлі ўнутр і пры дапамозе сілы пачалі выносіць тавары, -- распавёў Алесь Таўстыка. – Прадпрымальнікі праявілі салідарнасць. Многія ІП пакінулі свае працоўныя месцы і ўсталі на абарону Рудскога. На нашыя патрабаванні паказаць дакументы людзі ў цывільным смяяліся і дазвалялі сабе абразы. Нам давялося выклікаць міліцыю.
Паводле Алеся Таўстыкі, пасля прыходу супрацоўнікаў міліцыі адзін з «правяраючых» паказаў свае дакументы.
«Адзін з іх прад’явіў дакументы. Як сказалі міліцыянты, «правяраючым» аказаўся нехта Сяргей Маркаў, які нібы з’яўляецца супрацоўнікам Цэнтральнай мытні Менска. Якое дачыненне мае мытны камітэт да праверак на рынку? Мы запатрабавалі, каб ён запісаўся ў кнізе «Уліку і праверкі рэвізіі» і ўдакладніў, ці з’яўляецца гэта праверка планавай ці не. Пасля гэтага патрабавання Маркаў «выкінуў» мяне з бокса», -- сказаў лідэр прадпрымальнікаў.
Паводле інфармацыі Алеся Таўстыка, каля 100 прадпрымальнікаў пакінулі свае працоўныя месцы, выказаўшы салідарнасць з ахвярай раптоўнай праверкі. Праца на радыёрынку часткова замарожана.