АБСЕ назвала расейскае і беларускае тэлебачанне «інструмантам прапаганды»
6- 27.11.2009, 10:41
У выпадку злоўжывання гэтыя тэлеканалы могуць стаць пагрозай міру і бяспекі ва ўсім свеце.
Пра гэта заявіў прадстаўнік АБСЕ па свабодзе слова Міклаш Харашці, паведамляе АР.
Такая небяспека існуе, калі палітыка ўладаў не кантралюецца і не аналізуецца СМІ і калі праз СМІ могуць распаўсюджвацца і ўкараняцца небяспечныя і нерацыянальныя эмоцыі, патлумачыў ён. У якасці прыкладу прадстаўнік АБСЕ прывёў вайну ў Югаславіі.
Па словах Харашці, нават тыя тэлеканалы, якія напрост не належаць дзяржаве, знаходзяцца пад кантролем людзей, блізкіх да ўладаў. Міклаш Харашці выказаў сваю незадаволенасць становішчам тэлебачання ў Расеі.
«Мы не можам казаць пра свабодныя выбары, мы не можам казаць пра сапраўдную дэмакратыю там, дзе большасць людзей атрымлівае інфармацыю праз тэлеканалы, якія альбо жорстка кантралююцца дзяржавай, альбо, калі яны прыватныя, дык належаць сябрам ці нават сваякам кіраўнікоў дзяржавы, - заявіў Харашці. - Нават калі ў краіне ёсць намінальна грамадскія каналы вяшчання, дык ў рэальнасці яны з'яўляюцца проста інструмантам прапаганды палітыкі ўладаў».
Прадстаўнік АБСЕ даў зразумець, што, акрамя расейскіх, у такім становішчы знаходзяцца тэлеканалы ў Беларусі і краінах былога Савецкага Саюза ў Цэнтральнай Азіі і на Паўднёвым Каўказе.
Венгерскі праваабаронца Міклаш Харашці займае пасаду прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды слова з 2004 года.