10 траўня 2024, Пятніца, 5:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ахвяраў сталінізму ў Курапатах ушаноўвалі пад наглядам міліцыі

3

29 лістапада ў Менску ва ўрочышчы Курапаты адбылося ўшанаванне ахвяраў сталінізму, прысвечанае 89-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну.

Каля 20 удзельнікаў ушанавання пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўсклалі кветкі да мемарыяльных знакаў. Удзельнікі акцыі запалілі лампады, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых, выканалі духоўны гімн «Магутны Божа», паведамляе БелаПАН.

Старшыня «Мемарыяла» Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што 29 лістапада споўнілася 70 гадоў з таго дня, як СССР напаў на Фінляндыю. Паводле яго словаў, Маскве мала было ахвяраў, панесеных народамі, акупаванымі камуністамі. «І пачалася страшная савецка-фінская вайна, якая адабрала жыцці шматлікіх беларусаў, мабілізаваных у Чырвоную Армію і кінутых на Фінляндыю, каб і фінскі народ зразумеў сутнасць камунізму і азіяцкіх рэпрэсіяў. Аднак СССР не змог перамагчы фінаў — адзіную нацыю, якая ў канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў змагла адбіцца ад таталітарнага нашэсця», — сказаў Сіўчык.

Паводле яго словаў, большасць удзельнікаў ушанавання 28 лістапада наведалі месцы баёў Слуцкага паўстання ў Грозава, Семежава і Вызне (цяпер — Чырвоная Слабада), сталі ўдзельнікамі мітынгу ў Слуцку. «На жаль, 89 гадоў таму ў беларускіх сялянаў не хапіла сілаў, каб супрацьстаяць усходняму нашэсцю. Аднак мы памятаем іх подзвіг і разумеем: гэтыя людзі паўсталі, каб у беларускай гісторыі не было Курапатаў і ахвяраў, панесеных нацыяй у XX стагоддзі», — сказаў Сіўчык.

Удзельнікі ўшанавання ўшанавалі хвілінай маўчання памяць распаўсюдніка незалежнай прэсы Валянціна Доўнара, які загінуў пры невядомых абставінах і быў пахаваны ў Мар'інай Горцы 28 лістапада.

Актывіст Партыі БНФ Антон Койпіш адзначыў, што «Беларусь па-ранейшаму ў значнай ступені акупаваная Расеяй, у краіне пры невядомых абставінах гінуць людзі, іх беспадстаўна затрымліваюць і збіваюць, яшчэ год таму Сіўчык падпаў па адміністрацыйны арышт за ўсталяванне крыжоў у памяць ахвяраў». «І мы не можам забываць пра тое, што было 80 гадоў таму і зусім нядаўна», — сказаў Койпіш. Ён заклікаў не забываць, «хто зараз кіруе краінай і заўсёды заставацца сумленнымі людзьмі».

За ўшанаваннем назіралі прадстаўнікі сілавых структураў у форме і цывільным.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках