19 красавiка 2024, Пятніца, 18:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэлегацыя ПА АБСЕ заклапочана выкраданнямі людзей у Беларусі

10
Дэлегацыя ПА АБСЕ заклапочана выкраданнямі людзей у Беларусі

Пад рэзакую крытыку падпала практыка выкраданняў і рэпрэсіі супраць апазіцыянераў, адсутнасць свабоды слова і сходаў.

Кіраўнік дэлегацыі працоўнай групы ПА АБСЕ па Беларусі Сесілія Вігстрэм 22 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла, што Парламенцкая асамблея АБСЕ заклапочаная фактамі выкрадання моладзевых актывістаў у Беларусі, паведамляе БелаПАН.

«Мы абмяркоўвалі пытанне пра арышты і рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў. Мы заклапочаныя фактамі выкрадання маладых людзей. Нам таксама вядома пра факты новых адміністрацыйных арыштаў і пра выключэнне адной студэнткі з універсітэта», — сказала Вігстрэм.

Паводле яе словаў, гэтыя факты, а таксама пытанне аб адмене артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) абмяркоўваліся на сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Беларусі. «Намеснік міністра юстыцыі заявіў, што зараз разглядаецца пытанне аб адмене гэтага артыкула, — сказала Вігстрэм. — Мы лічым, што гэта важна для забеспячэння права на свабоду сходаў. Дадзены артыкул стварае цяжкасці для шмат якіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый».

Працоўная група Парламенцкай асамблеі АБСЕ таксама заклапочаная сітуацыяй са свабодай СМІ і арганізацый у Беларусі, а таксама магчымасцямі палітычных партый паўнавартасна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны.

Паводле словаў Сесіліі Вігстрэм, галоўнай мэтай трохдзённага візіту дэлегацыі ў Беларусь было ўбачыць, як развіваецца сітуацыя ў краіне. Дэлегацыя правяла шэраг сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх улад, грамадзянскай супольнасці і палітычных партый.

«Падчас сустрэч мы заклікалі беларускія ўлады да развіцця і пашырэння дыялогу з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з АБСЕ, — сказала Вігстрэм. — Мы высока цэнім інтэнсіўны дыялог Беларусі з АБСЕ і іншымі структурамі па паляпшэнні дэмакратычных працэсаў, але мушу адзначыць, што яшчэ шмат неабходна зрабіць».

Паводле яе словаў, адной з важных тэм абмеркавання падчас усіх сустрэч былі папраўкі, нядаўна ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс Беларусі. Пры гэтым кіраўнік дэлегацыі адмовілася каментаваць гэтыя папраўкі.

«Я не ўпаўнаважаная гэта зрабіць, бо мы яшчэ не атрымалі поўны тэкст Выбарчага кодэкса з папраўкамі. Мы ўсё яшчэ яго чакаем. АБСЕ і БДІПЧ падалі Беларусі дэталёвы і поўны спіс рэкамендацый для змены заканадаўства. Мы спадзяемся, што яны былі ўлічаныя», - сказала Вігстрэм.

У сваю чаргу, сябра працоўнай групы, польскі дэпутат Павал Панціллюш адзначыў, што гэтыя рэкамендацыі былі зробленыя АБСЕ пасля назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2008 годзе.

«Тады былі дзве асноўныя праблемы, якія выклікалі заклапочанасць, — рэгістрацыя кандыдатаў і падлік галасоў. Мы радыя адзначыць, што адна з гэтых праблем (рэгістрацыя кандыдатаў) гэтымі папраўкамі была вырашаная. Мы ўсё яшчэ чакаем вырашэння праблемы падліку галасоў», -- сказаў ён.

Нагадаем, што апошнім часам у Беларусі пачасціліся выпадкі выкраданняў людзей. 5 снежня быў выкрадзены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Невядомыя трымалі яго ў машыне 5,5 гадзін і выкінулі за 70 км ад Менска. 6 снежня быў схоплены актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Яго адвезлі за 20 км ад сталіцы. За тыдзень да гэтага невядомыя вывезлі за горад актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Уладзіміра Лемеша, патрабуючы з дапамогай збіцця і пагрозаў спыніць палітычную дзейнасць. Усяго сёлета было выкрадзена 6 моладзевых актывістаў. Апазіцыянеры мяркуюць, што выкраданні былі арганізаваныя спецслужбамі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках