25 красавiка 2024, Чацвер, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Дубская: «У турме Арцёма забівае поўная ізаляцыя»

12

Маці актывіста «Маладога Фронту», палітвязня Арцёма Дубскага занепакоеная ўмовамі яго ўтрымання ў Магілёўскай калоніі.

«Арцёма ў турме увесь час уціскаюць. Днямі я ездзіла да яго на спатканне, і мы правялі разам амаль цэлыя суткі. Мы мелі шмат размоваў, і Арцёма нават выклікалі і папярэджвалі, каб ён не казаў мне «лішняга». Таму, каб размаўляць адкрыта, нам прыходзілася ўключаць гучней тэлевізар і казаць напаўголаса. Я ведаю, што Арцёму ўвесь час паступаюць пагрозы з боку адміністрацыі. Спецыяльна падасланыя зняволеныя пагражаюцца яму адбіць то адно, то другое… Не ўсе яго лісты нам даходзяць», -- распавяла Алена Дубская ў інтэрв'ю сайту charter97.org.

Па словах маці палітвязня, у турме Арцёма Дубскага трымаюць у поўнай ізаляцыі.

«З ім ніхто не размаўляе – гэта негалосна забаронена. Да яго прыкаваная пільная ўвага начальства калоніі. Напрыклад, загадалі Арцёму прыбіраць адно памяшканне. Так нават калі ён там працуе, іншым зняволеным забаронена туды заходзіць. Стасункаў сыну вельмі не хапае. Гэтая ізаляцыя яго проста забівае», -- сказала Алена Дубская.

Жанчыну вельмі турбуе, што ў сына ў турэмных умовах абвострыцца язва страўніка.

«У Арцёма язва страўніка, на снежань яму дазволілі дыетычны стол. Што будзе ў студзені – невядома. Лекі мы яму, слава Богу, змаглі перадаць. Як маці мяне хвалюе, у што апрануты Арцём. Мы столькі перадавалі яму цёплых рэчаў. Але яму дазваляюць насіць толькі вельмі лёгкую вопратку, якую якраз насіць улетку ці ў крыху больш прахалоднае надвор'е.

Пасля спаткання мы хацелі яму перадаць паболей прадуктаў, але ўсе перадачы абмежаваныя па вазе. У мяне сэрца разрывалася на часткі, калі я бачыла, што Арцём не бярэ ежу, а бярэ кнігі, сшыткі, асадкі. Бо яны таксама маюць вагу, і трэба выбіраць: альбо гэта, альбо прадукты. Мне як маці было так шкада, што ён выбраў кнігі і сшыткі, а не ежу», -- сказала Алена Дубская.

Нагадаем, што Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі ў ліпені быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па знакамітай «справе 14-ці» - тады 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да абмежавання і пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках