3 траўня 2024, Пятніца, 5:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ўзнагародзіў «алмазаўца», падазраванага ў выкраданні Зміцера Завадскага

20

Сведка, які ледзь не стаў абвінавачваным па справе Зміцера Завадскага, атрымаў медаль «за адвагу».

На днях А.Лукашэнка сваім указам узнагародзіў медалём камандзіра баявой групы спецыяльнага падпаддзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС, маёра міліцыі Аляксандра Леаненку.

Як паведамілі ў МУС, Леаненка нібыта той самы афіцэр, які прапанаваў сябе замест медсястры, захопленай у закладнікі зняволеным рэспубліканскай турэмнай лякарні ў лістападзе мінулага года. Афіцыйныя крыніцы тады паведамлялі, што, пагражаючы дзяўчыне нажом, мужчына патрабаваў транспарт для ўцёкаў. Адзін з супрацоўнікаў аховы прапанаваў сябе ў якасці закладніка замест медпрацаўніка. Злачынца пагадзіўся, але пасля таго, як ён раніў афіцэра, было прынятае рашэнне аб штурме. Як вядома, зняволенага расстралялі на месцы.

«Але гэта ніколькі не здымае з Леаненкі падазроны ва ўдзеле ў розных злачынствах. У мяне заўсёды перад вачыма стаіць ягоны фотаробат, складзены следчымі пракуратуры, як падазраванага ў выкраданні Зміцера Завадскага», - пракаментаваў «Беларускаму партызану» сітуацыю журналіст Павел Шарамет.

Варта адзначыць, што Аляксандр Леаненка, нягледзячы на сваю непублічную працу, асоба вельмі вядомая. Ён таксама праходзіў па справе аб збіцці экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна -- твар гэтага афіцэра ёсць на фатаграфіях, якія паспелі зрабіць журналісты.

У свой час Леаненка працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта. Меркавана, Леаненка ўдзельнічаў у выкраданні тэлеаператара Зміцера Завадскага, а пасля адагнаў ягоную машыну ў аэрапорт.

Пасля гвалтоўнага выкрадання тэлеаператара Зміцера Завадскага, быў складзены фотаробат чалавека, вельмі падобнага да Леаненкі. Яго арыштавалі. «Але адказваючы на ўсе пытанні следства «не ведаю, не памятаю, забыўся», ён быў выведзены з групы падазраваных, і інфармацыя аб ім як аб фігуранце справы пратачылася ў прэсу толькі па чыстай выпадковасці, -- пісала ў то час «Белорусская деловая газета». -- Ёсць версія, што менавіта дачыненне Леаненкі да Службы аховы прэзідэнта, якой у той час камандаваў цяперашні міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, не дазволіла правесці поўнае і ўсебаковае расследаванне справы аб знікненні аператара ОРТ».

«Ёсць у справе Завадскага яшчэ адзін вельмі цікавы эпізод, які быў выключаны з абвінавачвання таксама за недаказанасцю віны, -- вымагальніцтва 15 тысяч даляраў у прадпрымальніка з Бранска, -- сказаў былы следчы Алег Воўчак. -- У якасці абвінавачваных, акрамя галоўнага фігуранта па справе, праходзілі былы супрацоўнік службы бяспекі прэзідэнта Аляксандр Леаненка, а таксама былы супрацоўнік АМАПа Антон Кобзар. Пасля вызвалення з-пад арышту Кобзар, што даў паказанні па гэтым эпізодзе абвінавачвання, памёр пры нявысветленых акалічнасцях, а цяперашні афіцэр-«алмазавец» Леаненка праходзіў у судзе ўжо не ў якасці абвінавачванага, а як сведка па справе».

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юрый Захаранка, аператар ОРТ Зміцер Завадскі. Аб лёсе гэтых людзей нічога не вядома.

Аб неабходнасці высвятліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў стала заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру СОБРа Зміцеру Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазронаў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках