У Беларусі не маюць намеру забываць злачынствы камунізму
4- 22.07.2009, 17:11
У Менску створаная Кардынацыйная рада ініцыятываў па даследаванні злачынстваў камунізму і ўшанаванні памяці ахвяраў таталітарызму.
Як паведамляе БелаПАН, у раду ўвайшлі ініцыятывы «Пакаянне» аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і «Інстытут нацыянальнай памяці», беларускія прадстаўнікі міжнароднага гісторыка-асветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мемарыял» (Расея), моладзевае аб'яднанне «Малады фронт», грамадскія аб'яднанні «Беларуская нацыянальная памяць» (Польшча) і «Беларуская жаночая ліга». У склад рады таксама ўключаныя сябра міжнароднага руху «Кааліцыя супраць нянавісці» Якаў Басін, старшыня мемарыяльнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык і яго намеснік Уладзімір Раманоўскі.
Як адзначыў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, рада адкрытая для ініцыятываў, рухаў, партыяў і асобных даследчыкаў, якія займаюцца тэмай камуністычных рэпрэсіяў. Паводле яго словаў, ён ствараецца для каардынацыі дзеянняў грамадска-палітычных структураў і спецыялістаў, абмену інфармацыяй, пераадолення разрозненасці і замкнёнасці ў працы, аб'яднання высілкаў для захавання ў беларускім грамадстве памяці пра камуністычныя рэпрэсіі, пакаяння за вольны ці міжвольны ўдзел у злачынствах таталітарызму і яго асуджэнне.
Рымашэўскі паведаміў, што рада будзе збірацца не радзей за адзін раз ў месяц для інфармавання аб праведзеных мерапрыемствах, прэзентацыі новых матэрыялаў, абмеркавання спрэчных праблемаў, планавання сумесных мерапрыемстваў, а таксама прэзэнтацыі планаў удзельнікаў рады.
Выканаўчым сакратаром рады абраная каардынатарка ініцыятывы «Пакаянне» і сайта represii-by.info Валерыя Чарнаморцава.
Паводле яе словаў, сайт прэзэнтуе беларускія і замежныя навіны па тэме рэпрэсіяў, публікацыі на мовах арыгіналаў, бібліятэку з успамінамі былых ахвяраў таталітарызму і даследаваннямі гісторыкаў, найбольш яскравыя асобы рэпрэсаваных, фотаархіў, акцыі па ўшанаванні памяці загінулых і карты масавых расстрэлаў бязвінных людзей у гады сталінізму, а таксама відэаматэрыялы, якія будуць абнаўляцца штомесяц.
У Віцебскай вобласці выявілі новыя Курапаты?
Якраз напярэдадні стварэння кардынацыйнай рады ў склепе кафедральнага сабора Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў Глыбокім (Віцебская вобласць) былі знойдзеныя парэшткі больш чым 20 чалавек, якія, як мяркуецца, загінулі гвалтоўнай смерцю.
Як паведаміў мясцовы краязнаўца, рэдактар незалежнай газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзімір Скрабатун, чалавечыя парэшткі выявілі ў канцы мінулага тыдня валанцёры аб'яднання моладзі Беларускай праваслаўнай царквы, якія арганізавалі летнік і праводзілі добраўпарадкаванне храма.
«Склеп размяшчаецца па перыметры сабора, ён глыбокі, верагодна, мае два ярусы. Там вельмі магутныя сцены, каля двух метраў таўшчынёй. Валанцёры, хутчэй за ўсё, разабралі нейкі замураваны ход ці завал. Яны знайшлі косткі і чарапы мужчынаў, жанчынаў і нават дзяцей, фрагменты іх вопраткі, а таксама пачак ад цыгарэтаў з надпісам на польскай мове. Відавочна, што невядомыя загінулі гвалтоўнай смерцю. Валанцёры бачылі таксама некалькі савецкіх гільзаў. Цяжка сказаць, каго менавіта тут расстралялі. Магчыма, гэтыя людзі — ахвяры падзеяў 1939 года, звязаных з усталяваннем савецкай улады ў Глыбокім», — распавёў Скрабатун.
Паводле яго словаў, парэшткі пакуль знаходзяцца ў царкве на месцы іх выяўлення. Валанцёры спынілі расчыстку склепа, бо спалохаліся моцнага трупнага паху, які зыходзіць ад месца знаходкі.
«Пакуль налічылі 21 труп. Але магчыма, што там ёсць яшчэ ахвяры, і далейшыя пошукі павінны праводзіць спецыялісты. Пра гэтую страшную знаходку ніяк нельга замоўчваць. Усе ведаюць пра раён Беразвечье ў Глыбокім, дзе выяўлена месца масавых растрэлаў НКУС. Цяпер высветлілася, яшчэ і ў самім цэнтры горада ёсць такое месца. Магчыма, гэта новыя Курапаты на Беларусі», — лічыць краязнаўца.
У пракуратуры Глубокскага раёна паведамілі, што па факце выяўлення чалавечых парэштак вядзецца праверка.
Уладзімір Скрабатун неаднаразова чуў ад мясцовых жыхароў гісторыі пра здані, якія нібыта з'яўляюцца ў склепе і каля сценаў сабора.
«У 1960-я гады ў храме знаходзіўся склад кансервавага заводу, і працаўнікі начной змены ўбачылі аднойчы цень дзяўчынкі ў ружовай сукенцы. Перапужаныя людзі адмовіліся там працаваць, у сувязі з гэтым нават правялі камсамольскі збор, на якім пастанавілі, што прывідаў у прыродзе не існуе. Літаральна некалькі тыдняў таму прывід быццам бы бачылі мясцовыя школьнікі, якія лазалі па склепе, а затым у страху ўцяклі адтуль», — сказаў краязнаўца.