На біржы даляр падаражэў яшчэ на 32 рублі
17- 29.07.2009, 11:51
Па выніках таргоў замежнымі валютамі 29 ліпеня на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра склаў 2832 рублі.
Курс расейскага рубля знізіўся на 1,23 рубля і склаў 90,14 беларускіх рублёў за адзін расейскі, еўра падвысіўся на 9 рублёў і склаў 4011 рублёў.
У адносінах да валютнага кошыка беларускі рубель амаль не змяніўся ў параўнанні з папярэднім значэннем: сёння кошт валютнага кошыка склаў 1007,93 рубля супраць 1007,96 у аўторак. У параўнанні з вызначананай на пачатак года велічынёй (960 рублёў) курс рубля да кошыка валютаў знізіўся на 4,99%, перадае АФН.
Як паведамлялася, 22 чэрвеня НБРБ пашырыў межы дапушчальных ваганняў курсу беларускага рубля ў адносінах да кошыка валютаў з +/-5 да +/- 10 адсоткаў. Г. зн. цяпер кошт кошыка павінен быць у межах ад 864 да 1056 рублёў замест раней заяўленых ад 912 да 1008 рублёў.
З моманту праведзенай 2 студзеня аднамомантавай 20%-ай дэвальвацыі нацвалюты, курс беларускага рубля да даляра знізіўся на 6,87%, да еўра – на 8,32%, да расейскага рубля вырас на 0,02%.