У Пінску прадаюць збанкрутавалы хімкамбінат
7- 30.07.2009, 12:57
Упершыню ў Пінску пройдзе аўкцыён па продажы буйнога збанкрутавалага прадпрыемства.
Як паведамляе «Еўрарадыё», прадаваць будуць ААТ «Пінскі хімкамбінат».
На продаж выстаўленыя 43 будынкі, 68 пабудоваў, 186 адзінак абсталявання, 4 транспартныя сродкі, зямельны ўчастак плошчай 4,5 гектары. Набыць усё гэта можна толькі ў комплексе. Пачатковы кошт — 3 мільярды 59 мільёнаў рублёў.
Нагадаем, што ў апошні час беларуская прамысловая галіна перажывае цяжкія часы. Усё больш заводаў скарачаюць працоўны тыдзень і зніжаюць зарплаты. Нядаўна на 4-гадзінны працоўны дзень быў пераведзены буйны шклозавод «Нёман».
Шматлікія беларускія прадпрыемствы знаходзяцца на мяжы спынення: заводы і фабрыкі пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень, рэзка зніжаюцца зарабатныя платы, уразаются прэміі і даплаты, пачынаюцца масавыя звальненні працоўных. Інфармацыя пра сур'ёзныя эканамічныя праблемы таго ці іншага прадпрыемства паступае з рэгіёнаў фактычна кожны дзень.
Адзначым, што па стане на чэрвень каля 200 тысячаў чалавек былі пераведзеныя на працу з няпоўным працоўным тыднем ці проста адпраўленыя па ініцыятыве наймальніка ў адпачынкі.