У Беларусі зафіксаваны выпадак заражэння свіным грыпам?
21- 9.07.2009, 10:30
Судова-медыцынская экспертыза Гродна выявіла ў памерлай беларускай дзяўчынкі вірус, які называюць «свіным грыпам».
Месяцовая Даша памерла ў верасні 2008 года, піша «Вечерний Гродно». Дзяўчынка прахварэла 14 дзён. Апошнія дні жыцця яна правяла ў рэанімацыі дзіцячага абласнога шпіталя Гродна. Спачатку медыкі паставілі ёй дыягназ «сальманялёз», септычная форма (заражэнне крыві). Гэтая ж хвароба лічыцца прычынай смерці ў заключэнні патолагаанатама.
Але высновы судова-медыцынскай экспертызы адмаўляюцца каментаваць нават лекары-інфекцыяністы са стажам. Аддзел складаных экспертыз Упраўлення судова-медыцынскіх экспертыз у Менску ўсталяваў, што дзяўчынка памерла ад грыпу А (H1N1).
Цікава, што Даша памерла ў верасні мінулага года, калі аб эпідэміі новага штаму яшчэ не казалі. Асістэнт кафедры біяхіміі медыцынскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Лялевіч лічыць, што новым муціраваным падтыпам грыпу дзяўчынка магла заразіцца толькі ад чалавека, які пабываў у такой краіне. Ачагом новага віруса лічыцца Мексіка. Распаўсюджваецца ён у іншых краінах і на кантынентах пры кантакце з асобамі, якія прыбылі з зоны рызыкі. Але ні сваякі, ні знаёмыя Сіманавых не наведвалі іншыя дзяржавы.
Пры гэтым незразумелае маўчанне Міністэрства аховы здароўя па гэтым факце. Падобным выпадкам даюць агалоску, ставіцца ў вядомасць Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ). Атрымліваецца, што беларусы, якія адмаўляюцца з-за «свінога грыпу» ехаць на курорты, адныя з першых мелі выпадак смяротнага зыходу.