Беларускую паэтку не выпускаюць у Швецыю
8- 21.09.2009, 17:57
Шведскі Саюз пісьменнікаў запрасіў полацкую паэтку Леру Сом у творчую паездку на выспу Готланд, аднак чыноўнікі пачалі перашкаджаць паездцы.
Лера Сом працуе настаўніцай, выкладае беларускую мову і літаратуру. Адміністрацыя школы пагадзілася адпусціць настаўніцу ў адпачынак за свой кошт. Але кіраўніцтва гарадскога ўпраўлення адукацыі выступіла супраць гэтага, паведамляе «Радыё Свабода».
У Шведскага саюза пісьменнікаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў - шчыльныя творчыя стасункі. Толькі за апошні год у Швецыі былі выдадзеныя зборнікі беларускіх паэтаў: Алеся Разанава, Валянціны Аксак, Алены Казанцавай, Дзмітрыя Строцава, Барыса Пятровіча. Шведскі бок часта прымае беларускіх літаратараў на сваёй зямлі. Сёлета запрасілі полацкую паэтку Леру Сом.
«Я папярэдзіла сваю адміністрацыю за паўгода, -- распавядае паэтка.-- Адміністрацыя школы была згодная мяне адпусціць. Мы разам з адміністрацыяй выбіралі месяц, калі гэта можна зрабіць з найменшымі наступствамі для школы. Я магла паехаць у траўні, але адмовілася, таму што канец навучальнага года і іспыты. Сказала, што не паеду».
Паводле словаў Леры Сом, разам са школьнай адміністрацыяй яны выбралі кастрычнік.
«Школьная адміністрацыя напісала, што яна не супраць, -- узгадвае паэтка. -- У нас школа маленькая, і ёсць два настаўнікі, якія могуць мяне замяніць на гэтыя 14 гадзін. Але загадчык гарадcкога ўпраўлення адукацыі напісаў «адмовіць».
Як заяўляе загадчык гарадcкога ўпраўлення адукацыі Полацкага гарвыканкама Віктар Матус, паэтцы было адмоўлена з той прычыны, што пачаўся навучальны год і жанчына мусіць рыхтаваць выпускныя класы.
Аднак у сувязі са школьнай рэформай колькасць урокаў беларускай мовы і літаратуры скарацілася, і настаўнікі не маюць нават мінімальнай нагрузкі – 18 гадзін у тыдзень. Акрамя гэтага, замяніць Леру Сом былі згодныя яе калегі.
У сваю чаргу чыноўнік Віктар Матус упэўнены:
«Гэта ж творчая камандізроўка, а не ўрадавая, каб вырашаць нейкія сур’ёзныя праблемы. На Готланд можна трапіць у зручны для настаўніка і школы час», -- заяўляе ён.