Навумаў: «З СМІ я нядаўна даведаўся, што ў ЗША знайшлася дзяўчынка, якая знікла 18 гадоў таму»
22- 8.09.2009, 14:46
Былы кіраўнік МУС даволі цынічна адказаў на пытанне пра зніклых у Беларусі 10 гадоў таму лідэраў апазіцыі.
Падчас он-лайн канферэнцыі на партале TUT.BY Уладзіміру Навумаву задалі пытанне: «Хутка спаўняецца 10 гадоў з моманту знікнення былога кіраўніка МУС Беларусі, які перайшоў на бок апазіцыі, Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара і яго сябра прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, а таксама аператара расейскага тэлеканала ОРТ Змітра Завадскага. Як вы пракаментуеце гэтую сітуацыю?».
- Я ніколі не адмаўляўся каментаваць гэтае пытанне, бо гэтыя крымінальныя справы дагэтуль не расследаваныя. Я лічу, што нельга нікога вінаваціць, не правёўшы канчатковага разбіральніцтва. Асуджаныя па выкраданні Завадскага адбываюць пакаранне. Са СМІ я нядаўна даведаўся, што ў ЗШ А знайшлася дзяўчынка, якая знікла васемнаццаць гадоў таму. Вось чаму надзея на знаходжанне згаданых вамі асоб яшчэ не згублена канчаткова, - адказаў Навумаў.
Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юрый Захаранка і аператар расейскага тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі.
Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў стала заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць усю праўду аб іх знікненні ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.
Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнка забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.