5 траўня 2024, Нядзеля, 23:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У кватэры кіраўніка Менскага штаба Андрэя Саннікава прайшоў ператрус

26
У кватэры кіраўніка Менскага штаба Андрэя Саннікава прайшоў ператрус

Яўген Афнагель звязвае ператрус са зборам подпісаў за Андрэя Саннікава - зараз самы адказны этап па іх перадачы ў выбаркамы.

Ператрус у кватэры на вуліцы Слабадской ў Менску, дзе прапісаны кіраўнік Менскага гарадскога штаба Андрэя Саннікава Яўген Афнагель, прайшоў сёння раніцай. Праводзіў яго супрацоўнік Першамайскага РУУС Менска, старшы лейтэнант міліцыі Жарскі А.М. Крымінальная справа, у межах якой прайшоў ператрус, узбуджаная па артыкуле 205 ч.1 «Крадзеж». Гаворка ідзе пра знікненне рацыі ў аднаго з амапаўцаў падчас затрымання актывістаў апазіцыі на акцыі «Патрабуем міжнароднага расследавання!» 16 жніўня 2010 года. Супрацоўнікі міліцыі сцвярджаюць, што на відэазапісу бачна, як жонка Яўгена Афнагеля Паліна Кур'яновіч падымае рацыю, якая выпала ў амапаўца ў момант затрымання і збіцця мірных дэманстрантаў. Нягледзячы на тое, што дзяўчына адразу ж аддала рацыю міліцыянтам, была ўзбуджаная крымінальная справа.

Паказальна, што ордэр на ператрус у кватэры Яўгена Афнагеля быў выпісаны яшчэ 13 верасня, аднак міліцыянты прыйшлі толькі сёння, праз больш чым два месяцы. У гэты час Яўгена Афнагеля не было дома, ператрус праводзіўся ў прысутнасці яго бацькоў-пенсіянераў. Прагледзеўшы ўсе рэчы і друкаваныя матэрыялы ў кватэры, старшы лейтэнант міліцыі Жарскі сышоў, нічога не знайшоўшы.

Сёння ў 16.00 Яўген Афнагель і Паліна Кур'яновіч павінны прыйсці на допыт у Першамайскі РУУС да следчага Дзмітрыя Рамзевіча.

«Зараз якраз завяршаецца этап збору подпісаў за Андрэя Саннікава. Зразумела, што гэта звязана з жаданнем перашкодзіць нам у самыя апошнія адказныя дні. Сёння ў 16.00 мы ідзем з адвакатам на допыт. Крымінальная справа абсалютна надуманая, і нават самі супрацоўнікі міліцыі прызналіся, што гэта звязана з выбарамі, і казалі пра тое, што на іх цісне вышэйшае начальства, патрабуючы, каб следчыя дзеянні праводзіліся менавіта зараз», - распавёў сайту charter97.org Яўген Афнагель.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у гэтыя дні знаходзіцца з візітам у Берліне.

«Відавочна, што ўзмацняецца ціск на сяброў ініцыятыўнай групы, на ключавых сябраў маёй каманды, якія зараз завяршаюць праверку і здачу подпісаў. Спробы дыктатуры ў чарговы раз падмануць сусветную супольнасць, прыкінуцца лібераламі нікога не ўводзяць у зман. Я патрабуюць спыніць запалохванне і ціск на сяброў маёй ініцыятыўнай групы і абавязкова паведамлю пра ўсе выпадкі рэпрэсіяў супраць дэмакратычных актывістаў кіраўніцтву Германіі, дэпутатам бундэстага і праваабаронцам», - заявіў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках