16 красавiка 2024, aўторак, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі (Фота, відэа)

146
Андрэй Саннікаў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі (Фота, відэа)

Каля Палаца Рэспублікі палітыка сустракалі беларусы з усіх рэгіёнаў.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты праходзіла сёння ў Палацы Рэспублікі ў Менску.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў быў зарэгістраваны на пасяджэнні Цэнтрвыбаркаму адным з першых і без затрымак. У яго падтрымку прызнаныя сапраўднымі 142 023 подпісы. Усе пададзеныя на рэгістрацыю дакументы, уключаючы дэкларацыю пра прыбыткі, прызнаныя бездакорнымі.

Выступаючы на пасяджэнні ЦВК, палітык нагадаў, што Беларусь сёння называюць апошняй дыктатурай Еўропы. І пачалася дыктатура ў Беларусі, паводле яго словаў, у 1996 годзе, калі з пасады старшыні Цэнтрвыбаркаму быў незаконна зняты Віктар Ганчар. Праз 3 гады ён быў выкрадзены і забіты. У здзяйсненні гэтага злачынства міжнародная супольнасць падазрае высокапастаўленых беларускіх службоўцаў. Саннікаў заклікаў усіх прысутных ушанаваць хвілінай маўчання памяць Віктара Ганчара.

«Сёння Беларусь называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Гэта ганьба для краіны. Але гэта справядлівая ацэнка сённяшняй сітуацыі ў Беларусі. Мы можам дакладна назваць дату, калі краіна стала скочвацца да дыктатуры. Гэта 14 лістапада 1996 года, калі незаконна быў зняты са сваёй пасады старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар. Праз тры гады ён быў выкрадзены. Міжнародная супольнасць падазрае ў дачыненні да яго выкрадання і ліквідавання вышэйшых службовых асобаў Беларусі. Сёння Віктара няма з намі. І я хачу ўшанаваць памяць гэтага вялікага сына зямлі беларускай хвілінай маўчання.

Беларусы не жадаюць жыць пры дыктатуры. І сёння ва ўсіх нас ёсць гістарычны шанец пазбавіцца ад ганебнага рэжыму, змяніць яго і пачаць будаўніцтва новай нармальнай еўрапейскай Беларусі. Зрабіць гэта нескладана. Проста трэба выконваць законы. Тут многае залежыць ад чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі, многае залежыць ад чальцоў выбаркамаў усіх узроўняў. Фальсіфікацыя выбараў - гэта злачынства, якое не прабачае ніводны народ, у тым ліку і беларускі. Затое ніводны народ не можа так дзякаваць за адважныя і сумленныя ўчынкі як беларусы. Тут ёсць юрысты, якія добра ведаюць, таксама як і Віктар Ганчар, што ў краіне павінен дзейнічаць прымат міжнароднага права, паводле якога народ павінен мець права абіраць сваіх кіраўнікоў. Беларускі народ неаднаразова ў сваёй гісторыі браў лёс краіны ва ўласныя рукі. Я абяцаю, што зраблю ўсё для таго, каб у новым годзе Беларусь стала вольнай і дэмакратычнай. Гісторыя робіцца сёння. Гісторыю робім мы, і мы пераможам!», - заявіў Андрэй Саннікаў.

Кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі на пасяджэнні былі таксама зарэгістраваныя: Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Цярэшчанка, Дзмітрый Ус, Віталь Рымашэўскі.

Беларускі кіраўнік на пасяджэнні ЦВК не прысутнічаў. Замест яго ў рэгістрацыі ўдзельнічаў міністр адукацыі, кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Аляксандр Радзькоў.

Каля Палаца Рэспублікі Андрэя Саннікава сустракала жонка, вядомая журналістка Ірына Халіп, сотні актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» і простыя выбарнікі. Людзі прыехалі з розных куткоў краіны. Яны трымалі ў руках таблічкі «Гомель за Саннікава», «Барысаў за Саннікава», «Віцебск за Саннікава», «Полацк за нармальную Беларусь», «Баранавічы за Саннікава», «Магілёў за Еўрапейскую Беларусь», «Салігорск. Разам мы пераможам!». Луналі дзясяткі бел-чырвона-белых і еўрапейскіх сцягоў.

Кандыдата ў прэзідэнты віталі скандаваннем: «Саннікаў!», «Разам мы пераможам!».

Уладзімір Някляеў на пасяджэнні ЦВК не прысутнічаў, паколькі знаходзіцца ў Празе. Аднак Саннікаў і Някляеў павіншавалі адзін аднаго з рэгістрацыяй анлайн праз кампутар адразу на Кастрычніцкай плошчы.

Прадстаўнік Уладзіміра Някляева Васіль Лявонаў паказвае пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты

Напісаць каментар 146

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках