10 чэрвеня 2026, Серада, 8:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць гадоў малітваў за вяртаньне касьцёла Сьвятога Язэпа (Фота)

2

19 сакавіка каталіцкі касьцёл адзначаў сьвята Сьвятога Язэпа. Каталікі з розных парафій Менску маліліся за вяртаньне касьцёла імя Сьвятога Язэпа вернікам.

Каля ўваходу ў касьцёл сабраліся каля двух дзясяткаў вернікаў розных узростаў, якія з запаленымі сьвечкамі, ружанцамі і сьпевамі маліліся да Сьвятога Язэпа і тлумачылі сэнс малітоўнай акцыі:

«Гэта зьбіраецца моладзь, людзі сталага веку — вернікі-каталікі, проста неабыякавыя людзі — каб памаліцца за вяртаньне касьцёла Сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў. Мы не разумеем, як можна нішчыць гісторыю і спадчыну свайго народу. Нашаму народу ўжо і так шмат дасталася за камуністычнымі часамі, калі нішчыліся сьвятыні. Пакутуем ад гэтага і зараз. І працягваць тыя ж самыя памылкі — гэта проста глупства».

Як паведамляе «Радыё Свабода», за вяртаньне касьцёла Сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў менскія каталікі пачалі маліцца 5 год таму — 19 сакавіка 2005 году. Усе гэтыя гады яны штовечар прыходзяць да касьцёла, каб памаліцца на прыступках будынку. Напачатку акцыі да людзей прыходзілі чыноўнікі гарадзкой адміністрацыі з абяцанкамі вырашыць пытаньне. Аднак і па сёньня ніякіх зрухаў з боку ўлады не адбылося.

Тым ня менш вернікі здавацца не зьбіраюцца, кажа адна з арганізатарак малітваў Івона Мацукевіч:

«Мы молімся і будзем маліцца ў спадзяваньні, што Бог дапаможа нашу сьвятыню вярнуць. Сёньня — сьвет бязьвер’я, зла, алькагалізму — і нашая краіна не выключэньне. Таму молім аб адным: Божа, дапамажы нашаму народу ня згінуць».

Менгарвыканкам хоча пераўладкаваць кляштарныя будынкі ў гатэльна-забаўляльны комплекс. Вернікі сабралі больш за 30 тысяч подпісаў да кіраўніка краіны. Зьвярталіся яны таксама ў розныя іншыя інстанцыі, аднак станоўчага адказу так і не атрымалі.

У касьцёле па-ранейшаму месьціцца Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, а таксама архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. Вайсковая камэндатура і пракуратура вызвалілі кляштарныя будынкі, але зараз тут распачаліся будаўнічыя працы.

Перапыніць іх ад Міністэрства культуры патрабуе старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

«З касьцёлам больш складаная сытуацыя, бо там знаходзяцца два архівы. Але ж калі браць кляштарныя будынкі, то яны павінныя быць перададзеныя каталіцкаму касьцёлу адназначна. І тут пытаньне ня толькі маральнае і маёмаснае. Бо пакуль гэтыя будынкі на балянсе «Менскай спадчыны» — над імі пагроза, што гэтая гісторыка-культурная каштоўнасьць будзе зьнішчаная. Бо «Менская спадчына» не ахоўвае спадчыну. Не клапоціцца пра яе, а мэтанакіравана яе зьнішчае».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках