Больш ні слова
9- 22.03.2010, 19:00
Федэрацыя хакея дазволіла галоўнаму трэнеру менскага «Юнацтва» Міхаілу Захараву не кантактаваць з прэсай.
«Перад пачаткам плэй-оф Захараў звярнуўся ў Федэрацыю хакея і папрасіў дазволіць яму не прысутнічаць на прэс-канферэнцыях пасля матчаў. Мы пайшлі яму насустрач. Прадстаўляе «Юнацтва» трэнер Аляксей Шчабланаў», — заявіў сёння на прэс-канферэнцыі спартыўны дырэктар ФХРБ Уладзімір Швабоўскі, які на пачатак плэй-оф выконваў абавязкі старшыні федэрацыі, перадае БелаПАН .
Швабоўскі не назваў прычыны, па якіх Захараў адмовіўся ад стасункаў з прэсай, адзначыўшы толькі, што ён «не гатовы» і «не можа кантактаваць».
Прадстаўнік ФХРБ пацвердзіў, што рэгламент прадпісвае галоўнаму трэнеру наведваць пасляматчавыя прэс-канферэнцыі, але даў зразумець, што федэрацыя была пастаўленая перад выбарам: ці на прэс-канферэнцыі прыходзіць Захараў і маўчыць, ці хтосьці іншы з трэнерскага штаба «Юнацтва» і адказвае на пытанні.
Міхаіла Захарава, які кіраваў нацыянальнай зборнай у перыяд падрыхтоўкі і ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях-2010, крытыкуюць СМІ і заўзятары за няўдалы выступ у Ванкуверы (9-е месца) і рэзкія выказванні ў адрас канадскай зборнай і арганізатараў Алімпіяды, якія не стварылі, на яго думку, належных умоваў для падрыхтоўкі каманды да матчу са Швейцарыяй за выхад у чвэрцьфінал.