29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Радавы Франак Вячорка паскардзіўся на свайго камандзіра

4

Камандаванне ваеннай часткі парушае правы салдата, які з'яўляецца кандыдатам у дэпутаты.

Як паведамляе БелаПАН, дэмакратычны актывіст Франак Вячорка, які праходзіць тэрміновую службу ў вайсковай частцы № 48694 у Мазыры, звярнуўся ў Гомельскую міжгарнізонную пракуратуру са скаргай на дзеянні выканаўца абавязкаў камандзіра яго батальёна Вячаслава Капыловіча.

Па словах Вячоркі, ён зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Мазырскага раённага Савета 24 сакавіка. «Адразу пасля гэтага я звярнуўся да камандавання батальёна з заявай аб даванні мне месячнага адпачынку для вядзення выбарчай кампаніі. Нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з артыкулам 77 Выбарчага кодэкса мне павінен быць дадзены адпачынак, Капыловіч перадаў рапарт камандаванню брыгады ў Баранавічах, і тэрмін адказу на рапарт невядомы. Акрамя гэтага, я напісаў на імя камандзіра батальёна некалькі рапартаў аб звальненні ў горад 27 і 28 сакавіка з мэтай распачаць агітацыйную кампанію. У гэтым мне таксама было адмоўлена», - сказаў Франак.

У выніку такіх дзеянняў камандавання батальёна Франак Вячорка не атрымаў магчымасці зарэгістраваць у выбарчай камісіі спіс сваіх давераных асобаў, не змог размесціць у друкарні заказ на друк агітацыйнай прадукцыі, а таксама вымушаны быў адмяніць адну сустрэчу з выбаршчыкамі. «Паколькі сустрэчы з выбаршчыкамі я праводзіць у горадзе не магу, я запрашаю іх для сустрэчаў на кантрольна-прапускны пункт часткі. Адзіная кампанія, якую я пакуль вяду, - агітацыя сярод салдатаў», - адзначыў Франак Вячорка.

Таксама ён паведаміў, што да гэтага часу не атрымаў вынікі свайго абследавання з 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных сілаў і рэспубліканскага цэнтра «Кардыялогія». На думку Вячоркі, на падставе гэтых вынікаў яго павінны камісаваць. «Аднак прайшло ўжо 10 дзён, а інфармацыі ўсё няма», - адзначыў палітык.

У ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным да ваеннай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумнеў. Пасля абследавання ў ваенным шпіталі маладому чалавеку была дадзеная адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 года. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Менска прызнаў моладзевага актывіста прыдатным да ваеннай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджанае рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Рашэнне суда было прынятае ў адсутнасць Вячоркі і яго адваката.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках