17 красавiка 2024, Серада, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Ясін: Пазіцыі беларускага дыктатара слабеюць - і гэта незваротна

9

Урад Беларусі зноў загаварыў пра прыватызацыю: ўладам патрэбныя грошы «пад абяцанні».

Урад Беларусі ў сваёй перапісцы з МВФ заявіў, што створыць Агенцтва па прыватызацыі да 1 чэрвеня. Нагадаем, што гэтая тэма абмяркоўвалася ў межах папярэдняй праграмы «стэнд-бай», у межах якой Беларусь ужо атрымала 3,6 млрд. дал. Урад абяцаў, што гэтае агенцтва будзе створанае ўвосень 2009 года, а ўжо ў лютым 2010-га адбудзецца паказальная публічная конкурсная прыватызацыя пяці буйных прадпрыемстваў. Аднак надыйшоў красавік, а няма не толькі прыватызацыі, але і агенцтва, якое павінна было яе праводзіць. Верагодна, улады Беларусі і не ўзгадалі б пра дадзенае МВФ абяцанне, але на травень намечаныя перамовы з фондам аб наступным крэдыце, піша «Независимая газета».

У канцы мінулага тыдня ўрад Беларусі ўзгадваў прыватызацыю і ў дачыненні да тэмы расейскага у ёй удзелу. Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заявіў, што ўрад Беларусі вядзе перамовы з расейскімі кампаніямі «Раснафта» і «ЛУКОЙЛ» аб магчымасці продажу ім пакета акцыяў ААТ «Нафтан» у абмен на стратэгічныя інвестыцыі. «Я не хаваю, што мы вядзем перамовы з «Раснафтай» і« Лукойл», абмяркоўваецца прыход іх на «Нафтан» як стратэгічных інвестараў», - заявіў ён. Адказваючы на пытанні журналістаў, Сямашка заявіў, што ў выпадку паступлення ад «Газпрама» прапановы аб набыцці кантрольнага пакета акцыяў «Белтрансгаза» ўрад Беларусі будзе гатовы яго разглядаць. Праўда, пакуль гэта размова на ўзроўні высноваў, бо такіх прапановаў, па словах Сямашкі, не паступала. Тым не менш некаторыя мясцовыя эксперты звязалі заявы першага віцэ-прэм'ера аб прыватызацыі з планамі падрыхтоўкі новага пагаднення па газе з Расеяй. Сямашка сказаў, што Беларусь гатова абмяркоўваць гэтае пытанне, але толькі пры ўмове, што ў ім будзе прадугледжаная роўнадаходнасць коштаў для Расеі і Беларусі. Гэта значыць, што кошт у Беларусі павінен быць вышэй за расейскі толькі на памер транспартных выдаткаў.

Большасць незалежных эканамічных экспертаў у Беларусі лічаць, што за ўсімі заявамі аб прыватызацыі не стаіць нічога, акрамя жадання стварыць спрыяльны фон для абмеркавання іншых пытанняў. Рэальна ж ідэя прыватызацыі супярэчыць філасофіі дзеючай улады. Прадаўшы «фамільнае срэбра», Лукашэнка можа пазбавіцца магчымасці маніпуляваць патэнцыйнымі інвестарамі. Акрамя таго, рэальны продаж уласнасці выведзе яе з-пад жорсткага кантролю дзяржавы і аслабіць пазіцыі дзеючай улады, якая сёння іх і карае, і мілуе у першую чаргу за паслухмянасць.

Дарэчы, разгаварыўшыся адкрыта, Уладзімір Сямашка прызнаўся, што адзіны вопыт 100-адсоткавага продажу дзяржуласнасці ў Беларусі аказаўся няўдалым. Завод «Мотавела», прададзены аўстрыйскай кампаніі ATEC ў 2007 годзе, спыніў вытворчасьць, патлумачыў ён. Як раней пісала «НГ», у мясцовых экспертаў гэтае пагадненне заўсёды выклікала безліч пытанняў. У першую чаргу абурыла ўсіх тое, што продаж буйнога прадпрыемства з вялізнымі ўчасткамі зямлі практычна ў цэнтры Менска быў ажыццёўлены «кулуарна», без конкурсаў і бізнес-планаў.

Навуковы кіраўнік расейскага Дзяржуніверсітэта - Вышэйшай школы эканомікі Яўген Ясін так пракаментаваў сітуацыю «НГ»: «Лукашэнка да гэтага часу распараджаўся эканомікай Беларусі, як пры савецкай уладзе, вёў сябе, як уладар. Зараз у краіны грошай няма, пазыкі растуць. Тут грае сваю ролю і Масква, якая хоча раўнапраўных стасункаў з Менскам. Лукашэнка шукае выйсце і альтэрнатыўныя варыянты - на Захадзе, у МВФ. Адзін са шляхоў выхаду з крызісу - прыватызацыя. Ён можа прыватызаваць шэраг прадпрыемстваў, атрымаць грошы і вырашыць такім чынам шэраг сацыяльных праблемаў, знізіць дзярждоўг. Можа некаторую частку прадаць Расеі, напрыклад, «Газпраму». Усё гэта ў нейкай меры палепшыць яго становішча. Але хоць дзяржпрадпрыемствамі кіраваць лягчэй, чым прыватнымі, Лукашэнка думае, што, стварыўшы бачнасць дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне, бачнасць пераводу на рынкавую эканоміку, ён стане працягваць камандаваць і прыватнымі ўладальнікамі. Разлічваючы пры гэтым на сістэму ўціску, якая маецца ў яго. Але на самой справе пазіцыі Лукашэнкі слабеюць. І гэты працэс незваротны».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках