12 траўня 2024, Нядзеля, 4:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камісар Фюле паставіў умову - свабодныя выбары

73
Камісар Фюле паставіў умову - свабодныя выбары

Пра што камісар ЕЗ размаўляў за зачыненымі дзвярыма з Лукашэнкам, не паведамляецца, але пазней Штэфан Фюле зрабіў заяву.

Прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі ў хуткім часе, павінны быць праведзеныя з поўным выкананнем дэмакратычных стандартаў, і ад выканання гэтых нормаў будуць шмат у чым залежыць далейшыя стасункі Беларусі і Еўразвяза, лічыць еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕЗ і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле, перадае «Інтэрфакс».

«Выбары з'яўляюцца своеасаблівай дэмакратычнай пячаткай на міжнародным пашпарце краіны. Беларусі патрэбная гэтая пячатка, каб паказаць гатоўнасць да супрацоўніцтва з ЕЗ», - заявіў Штэфан Фюле ў пятніцу на прэс-канферэнцыі ў Менску. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра прэзідэнцкія выбары, якія павінны адбыцца ў Беларусі ў хуткім часе.

Фюле дадаў, што апроч гэтага Еўразвяз, вызначаючыся ў сваіх намерах па далейшым супрацоўніцтве з Беларуссю, будзе весці маніторынг па такіх пытаннях, як «палітвязні, свабода сходаў і свабода прэсы, смяротнае пакаранне і рэалізацыя рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЕ». «Прагрэсам на шляху да дэмакратыі будзе змена стану справаў па ўсіх гэтых ключавых пазіцыях», - сказаў еўракамісар.

У той жа час Фюле адмовіўся паведаміць журналістам пытанні, якія былі закранутыя на яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Еўракамісар заўважыў, што падчас яго візіту ў Менск «пытанне палітвязняў» узнімалася некалькі разоў.

Еўракамісар падкрэсліў, што дадзеная яму магчымасць сустрэчаў не толькі з прадстаўнікамі ўлады, але і з амбасадарамі Еўразвяза, акрэдытаванымі ў Беларусі, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці дазволіла яму скласці аб'ектыўную карціну сітуацыі ў Беларусі.

Напачатку восені на разгляд краінаў Еўразвяза будзе пададзены сумесны часовы план для структурнага дыялогу ЕЗ з Беларуссю ў сферы палітыкі і эканомікі. Фюле падкрэсліў, што гэты дакумент з'яўляецца спробай стварыць прававыя межы двухбаковых стасункаў Беларусі і Еўразвяза.

«Гэта будзе палітычны, праграмны дакумент, пра стварэнне якога згадвалася ў дамове аб партнёрстве паміж рэспублікай і Еўразвязам, які быў падпісаны раней, але не ратыфікаваны еўрапейскім бокам з-за стану з правамі і свабодамі грамадзянаў у Беларусі», - сказаў ён.

На думку камісара, у межах палітыкі ЕЗ можна зрабіць больш па развіцці стасункаў з Беларуссю, каб рэспубліка магла ў поўнай меры выкарыстоўваць увесь патэнцыял, які даецца ў межах палітыкі «Усходняе партнёрства». Пры гэтым ён падкрэсліў, што развіццё стасункаў павінна быць заснаванае на такіх фундаментальных каштоўнасцях, як дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства закона.

«Павінен сказаць, што ў апошні час краіны ЕЗ не бачаць руху наперад (з боку Беларусі). Калі і ёсць нейкі рух, дык гэта рух назад», — падкрэсліў еўракамісар.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках