28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

9 гадоў таму пачалася 250-дзённая абарона Курапатаў (Фота, відэа)

9

Народ абараніў магілы і крыжы ад бульдозераў і АМАПа.

20 верасня 2001, у дзень паўторнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, пачалося пашырэнне Менскай кальцавой дарогі праз Курапаты. Але на абарону Курапатаў паўсталі сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, моладзь, грамадскасць. На шляху будаўнічай тэхнікі ўсталёўваліся сотні крыжоў, праводзіліся набажэнствы, арганізоўвалася ахова. У гэтыя дні спаўняецца 9 гадоў з пачатку абароны Курапатаў, кругласутачнай народнай вахты, якая доўжылася 250 дзён, перадае «Радыё Свабода».

Варта ў Курапатах працягвалася з 24 верасня 2001 па 3 чэрвеня 2002 года. Кожны дзень з Курапатаў гучалі рэпартажы «Радыё Свабода», сабраныя пазней у кнізе «Дарога праз Курапаты». У абароне прымалі ўдзел сотні чалавек - і ветэраны апазіцыйнага руху, і зусім юныя «маладафронтаўцы», актывісты руху «Зубр». Дзе цяпер гэтыя людзі, запыталася «Радыё Свабода» ў Паўла Севярынца, які тады быў адным з самых актыўных абаронцаў Курапатаў:

«Досыць шмат з іх дагэтуль змагаецца ў шэрагах нацыянальнага руху. Напрыклад, Віталь Кошалеў, Зміцер Дашкевіч, Зміцер Каспяровіч - на слыху і дагэтуль. Шмат хто з кіраўніцтва Маладога фронту працуюе ў Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, шмат людзей у «Маладым Фронце», у «Маладой Беларусі», «Еўрапейскай Беларусі» з Яўгенам Афнагелем. І праз 9 гадоў яны застаюцца такімі ж вулічнымі байцамі. Большасць людзей застаюцца актыўнымі з тых, хто прайшоў курапацкую абарону. Гэта жалезныя людзі, гэта адмысловая кваліфікацыя, і гэта, скажам так, рэкамендацыя, якая не патрабуе пацверджання», - кажа Павал Севярынец.

Менавіта ў гэтыя 250 гераічных дзён і начэй Курапаты сталі народным мемарыялам. Людзі паставілі тут крыжы памяці па сотнях тысяч ахвяраў чырвонага тэрору. Народ абараніў магілы і крыжы ад улады. Адзін з абаронцаў Курапатаў, моладзевы актывіст Зміцер Дашкевіч кажа:

«Па-першае, гэта тое месца, дзе ў імя незалежнасці нашай краіны прынесеныя ў ахвяру дзясяткі тысяч беларусаў. Па-другое, гэта месца, з якога пачыналася самае новае адраджэнне Беларусі - менавіта з Дзядоў 1988 года.

Таму для нас у 2001 годзе было вельмі важна абараніць Курапаты, не даць Лукашэнку знішчыць гэта месца, якое ўвасабляе памяць нашага народа», - распавёў Зміцер Дашкевіч.

Яшчэ адзін абаронца Курапатаў Зміцер Каспяровіч выказаў такое меркаванне:

«Курапаты для нас, па-першае, гэта памяць, памяць пра тых нявінных ахвяраў, якія загінулі падчас сталінскага тэрору, пра якіх цяперашняя ўлада не памятае. Дзякуючы абароне Курапатаў, мы змаглі захаваць памяць пра гэтыя жудасныя падзеі, каб у будучыні гэта ніколі не паўтарылася», - лічыць актывіст.

Абарона Курапатаў, гэтага крыжовага месца для беларускага народа, загартавала людзей, зрабіла іх сапраўднымі асобамі, перакананы Павал Севярынец:

«Той, хто там доўга знаходзіўся, хто літаральна жыў сярод гэтых крыжоў, ён, у першую чаргу, змяніўся ўнутрана. Гэта людзі, для якіх крыж, Курапацкі крыж - гэта ўжо сістэма каардынат. Гэта людзі, якія ведаюць, што такое ахвярнасць, гэта людзі, якія ведаюць, што такое жыццё і смерць, гэта людзі, якія ведаюць, што такое барацьба», - упэўнены Павал Севярынец.

20 верасня «Малады Фронт» арганізуе імпрэзы ва ўрочышчы Курапаты з запрашэннем усіх тых, хто 9 гадоў таму абараняў мемарыял, а таксама лідараў дэмакратычнага руху.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках