Святлана Чорная не бачыць прычын для спынення галадоўкі
10- 14.02.2012, 11:10
30 лістапада 2011 года жыхарка Менска Святлана Чорная абвясціла галадоўку ў знак пратэсту супраць смяротнага прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.
Цяпер яна атрымала адказ на свой зварот у камісію па памілаванні пры прэзідэнце.
«У ім напісана, што мой зварот аб неўжыванні смяротнага пакарання да Канавалава і Кавалёва будзе разгледжаны ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Я лічу гэта фармальнай адпіскай», - заявіла Чорная БелаПАН.
Яна разумее, што звярнулася «не па адрасе». «Прэзідэнт не разглядае ўсе звароты сам, яны перанакіроўваюцца ў адпаведныя аддзелы Адміністрацыі прэзідэнта. Але я не патрабавала памілаваць і вызваліць ад смыротнага пакарання Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Я пратэстую супраць самога прысуду. Я лічу, што віна гэтых маладых людзей не была даказаная на судзе, і лічу прысуд неправамерным», - падкрэсліла Чорная.
Жанчына мае намер паўторна звяртацца ў прэзідэнцкую адміністрацыю, дамагаючыся, каб ейныя патрабаванні былі разгледжаныя па сутнасці.
Па словах Чорнай, яна працягвае галадаць, толькі перыядычна п'е ваду. «Часам я раблю перапынкі, пераходжу на сухую галадоўку - гэта звязана з тым, што ўзнікае ацёчнасць. Мяне аглядалі лекары. Яны сказалі, што ў мяне страўнік апусціўся з-за няправільнага харчавання або як у чалавека, які страціў апетыт. Мне выпісалі рэкамендацыі. Я лекарам нічога пра галадоўку не казала, я сапраўды не магу есці», - сказала Чорная.
Яна мае намер працягваць галадоўку. «У мяне няма прычын для яе спынення», - заявіла Чорная.
Нагадаем, 25-гадовыя Канавалаў і Кавалёў прысуджаныя Вярхоўным судом да смяротнага пакарання па справе аб тэракце ў менскім метро. Кавалёў 7 снежня падаў прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. Канавалаў прызнаў прысуд у адносінах да сябе законным і падаваць прашэнне адмовіўся, паведаміў журналістам генпракурор Аляксандр Канюк.