Някляева вылучылі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры
21- 3.02.2012, 11:30
Беларускі ПЭН-цэнтр адправіў у Стакгольм ліст з прапановай намінаваць беларускага паэта на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Як удакладніла намесніца старшыні ПЭН-цэнтра Марыя Мартысевіч, кандыдатура Някляева была прапанаваная на агульным з'ездзе арганізацыі яшчэ 17 лютага 2011 года. Але ў сувязі з тым, што намінацыйныя лісты павінныя быць адпраўлены да 31 студзеня, кандыдатуру Уладзіміра Пракопавіча вылучаюць на Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2012 годзе, піша «Салідарнасць».
Сябры ПЭН-цэнтра высока ацанілі творчасць Уладзіміра Някляева. Праўда, ягоныя зборнікі паэзіі і прозы перакладзеныя ў асноўным на славянскія мовы, а ў цяперашні час ідзе праца над шведскім перакладам кнігі «Вяртанне веры».
Па словах Марыі Мартысевіч, нават калі аўтар не быў перакладзены на мноства моваў, гэта не з'яўляецца прычынай адхіліць ягоную кандыдатуру. Больш за тое, паводле аднаго з палажэнняў, калі пісьменнік цікавы, то камісія можа замовіць пераклад ягоных твораў. Праўда, пакуль такіх выпадкаў не было.
У 2011 годзе кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў быў удастоены прэміі Курта Тухольскага Шведскага ПЭН-цэнтра, стаў лаўрэатам Вялікі прэміі «Біенале паэтаў», якая традыцыйна ўручаецца на аднайменным Маскоўскім міжнародным фестывалі за значныя дасягненні ў галіне паэтычнага мастацтва, а таксама шматлікіх беларускіх прэмій - імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», імя Юрыя Захаранкі, прэміі «Гліняны Вялес».