19 красавiка 2024, Пятніца, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ахмед Закаеў: За трагедыяй у Бостане стаяць крамлёўскія спецслужбы

146
Ахмед Закаеў: За трагедыяй у Бостане стаяць крамлёўскія спецслужбы

Чачэнскі палітык лічыць, што тэракты ў Бостане выгадныя у першую чаргу расейскім уладам.

Праваахоўныя органы ЗША працягваюць расследаванне тэракту падчас Бостанскага марафону. Ахвярамі выбухаў, учыненых, як мяркуюць, выхадцамі з Расеі братамі Тамерланам і Джахарам Царнаевымі, сталі тры чалавекі, каля 170 былі параненыя. Паліцыя і сакрэтныя службы спрабуюць выявіць маршруты перамяшчэння і характар дзейнасці на працягу апошняга года старэйшага з братоў, Тамерлана. Ён, як паведамляецца, некалькі месяцаў правёў на тэрыторыі Расеі - у Маскве, Чачні і Дагестане. Да Царнаева праяўлялі цікавасць спецслужбы ЗША і Расеі, аднак дэталёва разабрацца ў матывах і характары яго дзеянняў яны па нейкіх прычынах не змаглі, перадае «Радыё Свабода».

Ахмед Закаеў, чачэнскі палітык, які жыве ў эміграцыі ў Лондане і распаўсюджвае канцэпцыю незалежнай Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя, шукае доказы сувязі Царнаева з расейскімі спецслужбамі. Ён лічыць, што Крэмль аб'ектыўна мог быць зацікаўлены ў тэрарыстычнай дзейнасці братоў.

- Расследуючы тэракты ў Бостане, амерыканскі бок спрабаваў высветліць, ці не стаялі за братамі Царнаевыми нейкія тэрарыстычныя арганізацыі, і прыйшоў да высновы, што браты дзейнічалі ў адзіночку. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

- Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што яны дзейнічалі не ў адзіночку. Гэта была нечая замова, а яны былі выканаўцамі гэтай замовы. Хтосьці павінен быў атрымаць выгаду са зробленага імі. Самі браты Царнаевы такую выгаду не атрымалі: адзін загінуў, другі, напэўна, будзе прысуджаны да пажыццёвага зняволення ў амерыканскай турме. Бацькі Царнаевых таксама ніякай выгады не атрымалі з гэтага. Сям'я старэйшага брата - жонка і дачка - з'яўляюцца свайго роду ахвярамі гэтай трагічнай падзеі. Чачэнскі народ, прадстаўнікамі якога з'яўляюцца браты Царнаевы, таксама ва ўсіх адносінах ніякай выгады ад гэтага не атрымаў.

Я лічу, што за гэтай трагедыяй стаяць расейскія спецслужбы і буду думаць так да таго часу, пакуль у нас не з'явяцца адказы, напрыклад, на такія пытанні: чаму расейскія спецслужбы далі інфармацыю ФБР аб тым, што Тамерлан Царнаеў можа далучыцца да радыкалаў на Паўночным Каўказе і запатрабавалі ад амерыканскіх калег правесці расследаванне яго дзейнасці ў ЗША? Амерыканцы правялі адпаведнае расследаванне, але нічога падазронага не знайшлі. Пасля гэтага яны звярнуліся да расейскіх калегаў і папрасілі даць ім дадатковую інфармацыю аб тым, чым тыя занепакоеныя ў сувязі з гэтым чалавекам. Старэйшаму Царнаеву было сказана, што ад расейскіх спецслужбаў атрыманая на яго інфармацыя аб тым, што ён можа быць небяспечны для амерыканскага грамадства і для Расеі. Царнаеў ведаў, што ФСБ цікавіцца ім. Аднак па заканчэнні года, ведаючы цалкам дакладна, што ФСБ ім цікавіцца, ён добраахвотна вырашае ляцець у Маскву - туды, дзе яго могуць арыштаваць. Аднак ні затрымання, ні допыту не адбываецца.

Дзе старэйшы Царнаеў правёў час паміж студзенем і сакавіком - з таго моманту, як ён прыляцеў у Маскву? Па словах яго бацькі, мы ведаем, што ў студзені Тамерлан вылецеў у Маскву і прыбыў у Дагестан толькі ў сакавіку. Дзе Царнаеў правёў месяц з лішнім? Я мяркую, што ён знаходзіўся там жа, дзе знаходзіўся адзін з ідэолагаў «Аль-Каіды» Айман аз-Завахіры ў 1996-97 гадах, калі яго затрымала ФСБ у Дагестане. Аз-Завахіры, фігуральна кажучы, правёў тады на Лубянцы шэсць месяцаў, пасля чаго быў адпраўлены ў Афганістан. Гэта афіцыйна пацвердзіў тагачасны дырэктар ФСБ Мікалай Патрушаў: «Так, ён у нас знаходзіўся, але мы не змаглі яго ідэнтыфікаваць. Таму мы яго адправілі туды, адкуль ён прыбыў». Вы можаце паверыць, што ФСБ, затрымаўшы аз-Завахіры, не магла ідэнтыфікаваць яго асобу? Вядома, не. І ў мяне ёсць здагадка, што Царнаеў таксама знаходзіўся недалёка ад месцаў, дзе працуюць супрацоўнікі ФСБ. Я лічу, што з гэтага моманту ён мог цалкам апынуцца пад кантролем расейскіх спецслужбаў.

Чачэнскія сілы супраціўлення пасля гэтага тэракту канчаткова скампраметаваныя. Падыход да чэчэнскага пытання ў міжнароднай супольнасці і вядучых краін Захаду зараз можа змяніцца.

Калі Тамерлан Царнаеў прыбыў у Дагестан, ён правёў там шэсць месяцаў. Пасля гэтага ён некалькі разоў наведваў Чачню. Гэты чалавек не проста адседжваўся ў гарах ці ў лясах, ён цалкам спакойна перамяшчаўся па Расеі. Мы ведаем сітуацыю на Паўночным Каўказе. Мы ведаем, наколькі яна адсочваецца расейскімі спецслужбамі. Чалавек, пазначаны імі як небяспечны, чалавек, які, на іх думку, можа далучыцца да каўказскіх маджахедаў, не мог бы без пэўнага прыкрыцця ці падтрымкі, без удзелу расейскіх спецслужбаў там перасоўвацца. Тамерлан знаходзіўся ў Чачні ў сваёй сястры. Яе муж з'яўляецца афіцэрам праваахоўных структур РФ. Гэты чалавек зусім спакойна перамяшчаўся па Чачні: ён мог кантактаваць з тымі, хто знаходзіцца ў гарах і з тымі, хто знаходзіцца на раўніне. Ён мог наведваць Маскву і выехаць у Амерыку ў любы час, калі яму гэта было неабходна. Таму для мяне абсалютна відавочны той факт, што за тэрактам у Бостане стаялі тыя, каму гэта было вельмі выгадна, тыя, хто амтрымаў з гэтага выгаду ва ўсіх адносінах.

- У такім выпадку, якая можа быць роля ва ўсёй гэтай гісторыі Рамзана Кадырава?

- Чамусьці некаторыя журналісты звяртаюць увагу на тую акалічнасць, што гэты тэракт адбыўся неўзабаве пасля таго, як Рамзан апынуўся ў «спісе Магніцкага». Але я не думаю, што ў Кадырава ёсць нейкія магчымасці, паўнамоцтвы або рэсурсы для правядзення чаго-небудзь падобнага ў ЗША. Кадыраву не дазволена штосьці рабіць у ЗША ці Заходняй Еўропе. Яго сфера дзейнасці - Расея, Чачня і Паўночны Каўказ. Іншыя мерапрыемствы за межамі краіны - нават калі пры гэтым выкарыстоўваюцца чачэнцы - плануюцца і праводзяцца кіраўніцтвам РФ.

- Складаецца такое ўражанне, што браты Царнаевы не мелі або мелі ў мінімальнай меры чачэнскую ідэнтычнасць. На ваш погляд, ці была ў іх наогул сувязь з Чачнёй і чачэнскай культурай?

- Гэтыя людзі ніколі не жылі ў Чачні. Яны, па-мойму, за ўсё сваё жыццё правялі ў Чачні месяцы тры перад першай вайной. Адразу пасля гэтага яны з'ехалі ў Дагестан і ўжо адтуль - у Амерыку. Яны належаць да той часткі чачэнскай дыяспары, якая засталася пасля дэпартацыі чачэнскага народа ў 1944 годзе ў Сярэдняй Азіі. Не ўсе тады вярнуліся. Нейкая колькасць чачэнцаў засталася там. Гэтыя людзі цалкам інтэграваліся ў тое асяроддзе, сярод якога пражывалі. Яны вельмі моцна адрозніваюцца ад чачэнцаў. Яны называюць сябе чачэнцамі, ды і з'яўляюцца этнічнымі чачэнцамі. Калі бацька братоў хоць бы памятае сваіх родных і ведае мову, бываючы наездамі ў Чачні, то гэтыя двое наогул ніякага дачынення да Чачні, па ўсёй бачнасці, не мелі.

- Ці можна сур'ёзна казаць пра тое, што іслам быў глыбокім перакананнем братоў Царнаевых? Бо яны сталі мусульманамі параўнальна нядаўна.

- Я абсалютна перакананы ў тым, што ў Царнаевых не было ні часу, ні ведаў для таго, каб стаць ісламскімі фундаменталістамі. Тыя, хто іх ведае, кажуць пра братоў як пра зусім нармальных людзей. Ісламскай адукацыі яны не атрымалі, і гэта азначае, што імі было вельмі лёгка маніпуляваць, гуляючы на рэлігійных пачуццях, якія ў іх пачалі з'яўляцца ў апошні час. Людзі, якія яшчэ год таму казалі пра тое, што для іх у жыцці галоўнае - гэта грошы і кар'ера, не маглі пайсці на такую страшную акцыю, першапачаткова згубную для іх Узнікаюць пытанні: хто імі маніпуляваў? Хто за ўсім стаяў? Як гэта ім удалося зрабіць? Ніякага фактару ісламскага ўплыву ў гэтым выпадку я не магу для сябе знайсці.

- Чым, на вашу думку, выкліканы агрэсіўны антыамерыканізм братоў Царнаевых? Бо ЗША далі ім прытулак, магчымасць вучыцца.

- Я не лічу, што яны адчувалі нейкі антыамерыканізм. Чым больш я пра гэта думаю, тым больш пераконваюся ў тым, што старэйшым братам хтосьці маніпуляваў. Жонка ў старэйшага брата - карэнная амерыканка. У Царнаевых не магло быць ніякай нянавісці да амерыканцаў. Амерыканцы ніколі нічога дрэннага чачэнцам не зрабілі. Наадварот, сотні, тысячы чачэнцаў удзячныя амерыканцам і заходняй супольнасці за тое, што яны далі ім палітычны прытулак, аказалі медыцынскую і сацыяльную дапамогу, далі магчымасць ім і іх дзецям мець будучыню ў цывілізаваных краінах. Тут няма ніякага апраўдальнага матыву для таго, каб гэтыя людзі маглі адчуваць непрыязнасць або нянавісць да амерыканцаў.

Напісаць каментар 146

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках