Міністр фінансаў ЗША: Санкцыі супраць РФ узмоцняць у выпадку краху замірэння
2- 8.10.2014, 12:35
- 6,140
Калі замірэнне ў Данбасе афіцыйна зазнае крах, Расею чакаюць узмоцненыя эканамічныя санкцыі.
Пра гэта заявіў міністр фінансаў ЗША Джейкоб Лью. Разам з тым, ён адзначыў, што ўзмацняць санкцыі супраць Расеі становіцца цяжэй праз рызыкі для ўласнай эканомікі, піша "Украінская праўда".
"Я думаю, мы дасягнулі поспеху ва ўкараненні санкцый. Расейская эканоміка не працавала добра перад санкцыямі, і цяпер яе стан істотна пагаршаецца", - заявіў Лью.
"Я спадзяюся, што цяперашняе замірэнне, якое апошнім часам стала даволі няўстоілівым, стварыць магчымасць для адваротных крокаў, у адваротным выпадку санкцыі будуць узмоцненыя, не паслабленыя", - сказаў ён.
"Становіцца ўсё больш складана разлічыць рызыкі, што гэтыя санкцыі не закрануць іншыя краіны", - дадаў міністр фінансаў ЗША.
Лью перакананы, што калі расейскі рэжым будзе працягваць у тым жа духу, эканоміку краіны чакаюць жаласныя наступствы.
Са слоў галоўнага фінансіста ЗША, папярэднія санкцыі супраць Расеі добра прадумвалі, каб максімальна націснуць на Крэмль з мінімальнай рызыкай для эканомік ЗША і ЕЗ.