21 траўня 2024, aўторак, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ксенія Сабчак: Ладзіць у Расеі «салюцікі» ў выглядзе Алімпіяды амаральна

79
Ксенія Сабчак: Ладзіць у Расеі «салюцікі» ў выглядзе Алімпіяды амаральна

Алімпіяда ў Сочы - гэта гімн расейскаму характару.

Ездзіць на дарагой машыне, але не мець грошай на запраўку, купляць сумкі «Шанэль», але жыць у здымнай 30-метровай кватэры, вячэраць у дарагім рэстаране, а потым тыдзень галадаць... Не магу сказаць за кожнага грамадзяніна Расеі, але асабіста мне гэтая Алімпіяда не патрэбная, піша на сваім афіцыйным сайце расейская тэлевядучая Ксенія Сабчак.

Я лічу, што ў краіне без нармальнай медыцыны, сістэм аховы здароўя і адукацыі ладзіць такія «салюцікі» ў выглядзе Алімпіяды - гэта амаральна. Як мне сказаў Ілля Авербух, адзіным плюсам тут можна лічыць тое, што калі б гэтыя грошы не ўклалі ў будаўніцтва разнастайных стадыёнаў, дарог і гасцініц, то іх бы ўсё роўна скралі. Але да чаго было траціць такія сродкі на цырк у выглядзе эстафеты алімпійскага агню - усе гэтыя запускі не палаючага нават факела ў космас, правоз яго на сабачых запрэжках...

Рускі, амерыканец і японец вязуць алімпійскі факел у космас - анекдот увасобіўся ў жыццё. Такой колькасці фотажаб і насмешак у Інтэрнэце не выклікала, напэўна, ні адна падзея. Да таго ж у любым нармальным грамадстве Алімпіяда - гэта нейкая вяршыня прагрэсу краіны. Трэба спачатку выхаваць спартсменаў - каб у нас не адзін Плюшчанка пакутаваў за ўвесь спорт. Я яго вельмі паважаю, ён вялікі герой. Але калі я нарадзілася - ён катаўся, і я памру - а ён па-ранейшаму будзе ездзіць на Алімпіяды. Нядрэнна тое, што ён ездзіць, дрэнна, што больш няма каму. На ўсю краіну пара імёнаў. Цяпер вось яшчэ Максім Коўтун. У нас няма нармальных спартыўных устаноў для дзяцей, разбураная інфраструктура спорту. Затое ў нас Алімпіяда. Гэта нейкае трызненне. Абсалютны ўзор краіны, якая мае права на такія мерапрыемствы, - Кітай. Дзяржава, аб спартыўных дасягненнях якой мы да 2000 года і не чулі, выбудавала поўную інфраструктуру спартыўных пляцовак. І мы раптам убачылі, я добра памятаю гэты момант, як кітайцы сталі займаць трэція месцы, другія... Усе пачалі пытацца: а як гэта так, бо іх раней наогул не было ў турнірнай табліцы? А вось так - яны займаліся ўсе гэтыя гады не пантамі і феерверкамі, а выбудоўваннем сістэмы.

На Краснай Паляне я ніколі не была - не каталася і, хутчэй за ўсё, не паеду. Навошта? Там значна даражэй, чым на шматлікіх еўрапейскіх курортах. Сочы мог бы развівацца, калі б гэта быў недарагі курорт для людзей, якія моцна эканомяць. Але адпачынак у той жа Турцыі і нават Аўстрыі і Італіі танней, чым у Сочы. Вось і памяркуйце, што чалавек абярэ: тыдзень у аўстрыйскім Цель-ам-Зэе або ў Краснай Паляне? Калі я магу патраціць 2-3 гадзіны на палёт, то лепш паеду ў якія-небудзь Альпы, дзе і экалогія ў разы лепш! Сочы можа выжыць, напрыклад, за кошт невыязных турыстаў. Дарэчы, цяпер яшчэ чыноўнікам збіраюцца перакрыць выезд.

Мясцовым жыхарам ад будоўлі былі адны пакуты - то гарачай вады няма, то электрычнасць адключаць. Чытала неяк у Інтэрнэце: па словах жыхароў Лазараўскага раёна, за адзін тыдзень святло ў іх адключалі шэсць разоў. І толькі аднойчы - на чатыры хвіліны, астатнія - на некалькі гадзін. Высеклі 84 тысячы дрэў! У выніку змеі і шакалы перабраліся з лесапалосы, напрыклад, у саўгасы. Але галоўнае - што ўсе гэтыя аб'екты, пабудаваныя ў жудаснай спешцы, так і будуць потым стаяць безгаспадарнымі. У нас няма інфраструктуры, каб усё гэта ўтрымліваць.

Безумоўна, з'явіліся прыгожы аэрапорт, чыгуначны вакзал. Праўда, паліцыі там пакуль больш, чым пасажыраў. Напэўна ўсе чулі пра спробу навучыць сочынцаў англійскай. З пачатку 2012 года на бачных месцах у горадзе кожны дзень з'яўляліся новыя словы на гэтай мове. А потым «зазіхацелі» паказальнікі: Olimpic park замест правільнага - Olympic . А як вам пераклад вуліцы Блакітныя Далі - «Blue Dali Street»? Усюды выкладзеная тактыльная плітка для сляпых, але не ўсім будаўнікам патлумачылі, для чаго яна. Таму дзе-нідзе яна выконвае дэкаратыўную функцыю...

Я не паеду на Алімпіяду. Хацела пабываць на адкрыцці, але працоўны графік не дазволіць. Па тэлевізары глядзець не буду. Я з тых людзей, якія спорт не глядзяць, а ім займаюцца. Муж Максім, думаю, таксама. Ён любіць футбол, а яго ў зімовай праграме, на жаль, няма.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках