5 сакавiка 2024, aўторак, 13:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр Рыгор Барадулін

166
Памёр Рыгор Барадулін

Народны паэт Беларусі памёр ва ўзросце 79 гадоў.

Пра гэта паведаміў «Радыё Свабода» гісторык Уладзімір Арлоў.

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года ў вёсцы Верасаўка (цяпер - Гарадок) Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Ганаровы доктар Белдзяржуніверсітэта.

Працаваў у перыядычным друку, выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура».

Паэт, перакладчык, друкуецца з 1953. Выдаў блізу 70 кніг лірыкі, сатыры, літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў, зборнікаў для дзяцей. Першая кніга - «Маладзік над стэпам» (1959).

Творчасці Барадуліна ўласцівыя разнастайнасць жанраў, вобразна-стылістычных сродкаў, яркая метафарычнасць, тонкі псіхалагізм, багатая моўная палітра. Шэдэўры вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі той добрай глебай, на якой вырасла непаўторная творчая індывідуальнасць.

Пераклаў на беларускую мову п'есу «Вей, ветрык!» Я.Райніса (1980), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Гарсія Лоркі (1975), «Мелодыя каліны» І.Драча (1981), «Ветраліст» Г.Містраль (1984), «Руба» Амара Хаяма (1989), «Слова пра паход Ігараў» (1986), а таксама асобныя творы Шэкспіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава і іншыя. Творы Барадуліна выдадзеныя на 11 мовах свету.

Ён пераклаў на беларускую мову ў тым ліку і кнігу Яна Паўла II.

Барадуліну прыпісваецца аўтарства паэм «Сказ пра Лысую гару» і «Лука Мудзішчаў», якія «пайшлі ў народ» ананімна.

Летам 2006 года ў выдавецтве «Радыёла-плюс» выйшаў зборнік выбранай паэзіі «Руны Перуновы». У 2006 годзе быў намінантам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Народны паэт Беларусі (1992). Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

Адзін са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру (1989), ягоны прэзідэнт (з 1990), віцэ-прэзідэнт (з 1999), сябра праўлення Беларускага фонду Сораса (1995 - 1997), сябра Сойму Беларускага народнага фронту (з 1989).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976), Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы (1976), ордэн «Знак Пашаны», ордэн Латвіі «Тры зоркі» (1997), медалі.

У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР браў удзел у працы 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

Напісаць каментар 166

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках