Бафет паскорыў раздачу мільярдаў з асцярогі, што перажыве сваіх дзяцей
- 29.11.2026, 22:00
- 3,286
Усе трое яго дзяцей ужо старэйшыя за звычайны пенсійны ўзрост.
96-гадовы амерыканскі мільярдэр Уорэн Бафет паскорыў перадачу стану на дабрачыннасць з асцярогі, што яго дзеці не пражывуць так жа доўга, як ён, піша часопіс Fortune са спасылкай на леташні ліст інвестара.
Кошт акцый, пра перадачу якіх ён абвясціў 16 лістапада, выданне ацаніла ў $5,47 млрд — прыблізна ў чатыры разы больш, чым ён ахвяраваў да Дня падзякі годам раней. У ліпені сямейныя фонды атрымалі каштоўныя паперы амаль на $6 млрд. Тады мільярдэр упершыню з 2006 года не ўключыў фонд Біла Гейтса у лік атрымальнікаў летняга ахвяравання.
Трыма з чатырох фондаў кіруюць яго дзеці — 73-гадовая С'юзі, 71-гадовы Гаўард і 68-гадовы Пітэр. Як адзначае Fortune, інвестар мае намер перадаць гэтым арганізацыям усе астатнія акцыі Berkshire Hathaway да 31 снежня 2034 года.
Паводле дадзеных Forbes, якія прыводзіць часопіс, на 26 лістапада стан Бафета ацэньваўся прыкладна ў $159 млрд. На дабрачыннасць ён ужо накіраваў больш за $72 млрд, у тым ліку каля $48 млрд — у фонд Гейтса.
Згодна з паведамленнем Berkshire Hathaway ад 16 лістапада, яе ганаровы старшыня вырашыў канвертаваць 6150 акцый класа A ў 9,225 млн акцый класа B для перадачы чатыром сямейным фондам. Ён мае намер штогод павялічваць аб'ём грантаў, аднак дасягненне гэтай мэты, паводле яго слоў, у значнай ступені будзе залежаць ад сітуацыі на фондавым рынку.
«Мае дзеці дзесяцігоддзямі ўзважана ахвяравалі сродкі на годныя мэты, і я на 100% давяраю як іх здольнасцям, так і іх добрасумленнасці», — адзначыў мільярдэр.
У лісце да акцыянераў ад 10 лістапада 2025 года інвестар звяртаў увагу, што ўсе трое яго дзяцей ужо старэйшыя за звычайны пенсійны ўзрост.
«Было б памылкай разлічваць на тое, што ўсім траім — цяпер яны ва многіх адносінах знаходзяцца на піку сваіх магчымасцяў — так жа выключна пашанцуе з познім наступленнем старасці, як мне», — пісаў ён.
Бафет тлумачыў неабходнасць паскорыць прыжыццёвыя ахвяраванні трым фондам жаданнем павысіць верагоднасць таго, што дзеці паспеюць распарадзіцца практычна ўсім яго станам да таго, як іх змяняць іншыя папячыцелі. На выпадак заўчаснай смерці каго-небудзь з іх або немагчымасці выконваць свае абавязкі абраныя тры рэзервовыя папячыцелі.
Мільярдэр падкрэсліваў, што гэтае рашэнне не звязана са зменай яго поглядаў на перспектывы Berkshire Hathaway.
Бафет узначальваў Berkshire, якая базуецца ў Амахе, з 1965 года. У індэксе мільярдэраў Bloomberg Billionaires Index ён займае дзесятае месца. Яго стан ацэньваецца ў $151 млрд, большая частка якога — акцыі Berkshire Hathaway.
У верасні інвестар пакінуў пасаду старшыні савета дырэктараў холдынгу, перадаўшы яе сыну Гаўарду. Згодна з заявай кампаніі, Бафет стаў ганаровым старшынём, захаваўшы месца ў савеце дырэктараў.