У каталікоў пачынаецца Адвэнт
- 29.11.2026, 21:41
- 1,220
Найбліжэйшыя чатыры тыдні стануць перыядам асаблівай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.
У каталікоў пачынаецца Адвэнт. Найбліжэйшыя чатыры тыдні стануць перыядам асаблівай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.
Адвэнт, што азначае «прышэсце», з'яўляецца асаблівым літургічным перыядам у заходнім хрысціянстве, які папярэднічае святкаванню Божага Нараджэння. Першая нядзеля Адвэнту пачынае новы літургічны год.
У гэтым годзе Адвэнт працягнецца з 29 лістапада па 24 снежня. Гэта час радаснага чакання другога Прышэсця Хрыста і ўспаміну Яго першага прыходу на зямлю.
Сёння Адвэнт разглядаецца галоўным чынам як час духоўнага ачышчэння, узмоцненай малітвы і чакання. Вернікі стараюцца праяўляць міласэрнасць, удзельнічаюць у перадкалядных набажэнствах. Сучасная каталіцкая традыцыя не патрабуе абавязковага шматтыднёвага ўстрымання ад скаромнай ежы.
Кожная з чатырох нядзеляў Адвэнту мае сваю асаблівую тэматыку: першая прысвечаная будучаму Прышэсцю Хрыста ў канцы часоў, другая і трэцяя адлюстроўваюць пераход ад Старога да Новага Запавету, у тым ліку ўспамінаецца служэнне Яна Хрысціцеля, чацвёртая прысвечаная евангельскім падзеям, што непасрэдна папярэднічалі Божаму Нараджэнню.
Адзін з галоўных атрыбутаў гэтага перыяду — вянок з чатырма свечкамі. Паводле традыцыі кожную нядзелю ў касцёлах запальваюць па адной свечцы, што сімвалізуе нарастанне чакання Святла свету — Хрыста.