26 красавiка 2024, Пятніца, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лябедзьку спрабавалі запісаць на дыктафон, які можа сабраць нават школьнік

21
Лябедзьку спрабавалі запісаць на дыктафон, які можа сабраць нават школьнік
ФОТА: BELAPAN.COM

Знойдзеную палітыкам прыладу даследаваў спецыяліст электроннай тэхнікі.

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падчас сустрэчы з Уладзімірам Някляевым у кавярні «Салодкі фальварак» выявіў у сурвэтніцы «жучок» для праслухоўвання. Спецыяліст электроннай тэхнікі дэталёва даследаваў прыладу і прыйшоў да высновы, што гэта дыктафон, прычым зроблены саматужным спосабам, пішуць «Беларускія навіны».

16 кастрычніка Анатоль Лябедзька планаваў сустрэцца ў кавярні з Уладзімірам Някляевым і Мікалаем Статкевічам. «Відавочна, што праслухоўваліся нашы тэлефоны, таму што месца сустрэчы мы не абгаворвалі. Было сказана: дзе мінулы раз», - адзначае палітык.

Ужо на ўваходзе ён звярнуў увагу, што убачыўшы яго, бармэн змяніўся ў твары, пачаў нервавацца. Потым афіцыянтка змяніла на стале сурвэтніцу, хоць папярэдняя была поўнай.

«Вядома, мяне гэта насцярожыла, - успамінае Лябедзька. - Я адразу ўспомніў, што і раней у гэтай кавярні, калі я прыходзіў, адразу ж мянялі сурвэтніцу на стале. Таму я наважыў паспрабаваць яе раскруціць. Унутры выявіў «жучок».

Палітык не стаў падымаць шум, значна важней, палічыў ён, вынесці з сабой прыладу, для праслухоўвання. На днях ён мае намер звярнуцца ў Генеральную пракуратуру. Свае подпісы пад заявай гатовыя паставіць таксама Някляеў і Статкевіч.

«Па-першае, мы хочам высветліць, ці была санкцыя пракурора на праслухоўванне нашых мабільных тэлефонаў, - кажа лідар АГП. - Па-другое, калі такая санкцыя была, то якія падставы для праслухоўвання. Калі пракуратура дазволу ўсё ж такі не давала, мы патрабуем распачаць крымінальную справу паводле факта незаконнага праслухоўвання і ўмяшання ў асабістае жыццё».

Спецыяліст электроннай тэхнікі Юрый Кітаеў, вывучыўшы знаходку Лябедзькі, прыйшоў да высновы, што гэта прылада для запісу, а не для перадачы.

«Таму што тут адсутнічае антэна, - кажа ён. - На прыладзе ёсць кнопка, якая ўключае запіс. Далей USB-порт, праз які гэты запіс можна потым перадаць на кампутар. Нічога складанага ў тым, каб сабраць такі механізм, няма. Хутчэй за ўсё, выкарыстаныя дэталі з так званай «шпіёнскай ручкі» - гэта дыктафон, умантаваны ў шарыкавую ручку. Кошт такой прылады на кітайскіх сайтах - блізу 10 даляраў».

Спецыяліст кажа, што сабраць такую прыладу можа нават школьнік, які цікавіцца радыёэлектронікай.

Паводле базы Datasheetcatalog.com можна прабіць ўсе элементы гэтай прылады, на якіх ёсць серыйны нумар. Аднак у выпадку з сурвэтніцы Лябедзькі, пошук не даў выніку. Флэшка з сурвэтніцы бачыцца кампутарам, аднак адкрыць прыладу немагчыма - патрабуецца спецыяльны драйвер.

Са слоў Юрыя Кітаева, сучасныя запісваючыя прылады могуць быць яшчэ меншыя, чым у выпадку з сурвэтніцай: «Гэта можа быць нават запанка, у якую ўмантуюць не толькі дыктафон, але яшчэ і камеру».

Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі Анатоль Лябедзька выяўляе запісваючую прылада. «Гадоў восем назад нешта такое знайшлі ў мяне дома. Прылада была замацаваная ў шчытку электрасувязі. Экспертыза паказала, што фіксаваўся гук у маёй кватэры», - распавёў лідар АГП.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках