11 траўня 2024, Субота, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У БДУ збіраюць подпісы за скасаванне платных пераздач

12
У БДУ збіраюць подпісы за скасаванне платных пераздач

Палажэнне аб платных пераздачах экзаменаў і залікаў у Белдзяржуніверсітэце пакуль толькі распрацоўваецца. Але занепакоеныя студэнты ўжо выступілі супраць гэтай меры.

Яны кажуць, што яна стане проста спосабам папоўніць бюджэт, і катэгарычна з ёй не згодныя, паведамляе onliner.by.

- Студэнты цалкам не падтрымліваюць гэтае новаўвядзенне. Па-першае, з намі ніхто гэтую меру не абмяркоўваў. Гэта ідзе насуперак з палітыкай універсітэта, - распавядаюць ініцыятары збору подпісаў. - Плаціць за адпрацоўкі - гэта, на наш погляд, нейкі спосаб папаўнення бюджэту за кошт студэнтаў - самага незабяспечанага пласта насельніцтва. Гэта неяк не па-чалавечы. Нам спрабуюць сказаць, што гэта будзе стымулам для студэнтаў, каб вучыцца лепш. Але, на самой справе, стымул ужо ёсць - гэта стыпендыя для бюджэтнікаў і паніжэнне аплаты для платнікаў. Бо калі будуць пераздачы, то студэнтаў проста пазбавяць стыпендыі і не дадуць зніжку на навучанне. А пазбавіць стыпендыі і браць грошы за пераздачы - гэта ўжо ну проста амаральна. Многія ледзь-ледзь плацяць за вучобу, стыпендыя ў многіх усяго 800 тысяч. І як тут яшчэ плаціць за пераздачы?

На думку студэнтаў, многія асцерагаюцца, што праз платныя пераздачы з'явяцца разнарадкі на колькасць «зрэзаных» на іспытах.

- Вось будзе сакрэтнае ўказанне, маўляў, мінімум пяць студэнтаў адправіць на пераздачы. І нічога з гэтым не зрабіць, - разводзяць рукамі студэнты. - Ужо ёсць такія прыклады ў іншых універсітэтах.

Таксама сярод студэнтаў ходзіць інфармацыя пра тое, што плаціць давядзецца і за пропуск лабараторных і практычных заняткаў.

- Гэта таксама ні ў якія вароты, - мяркуюць ініцыятары збору подпісаў. -Атрымліваецца, ты павінен плаціць за тое, што раптам спазніўся ці не купіў квіткі на цягнік з дому. Або раптам яшчэ які форс-мажор.

Хлопцы з БДУ ўжо сабралі больш за 1200 подпісаў. Кажуць, што пакуль на дасягнутым не збіраюцца спыняцца. Гэтыя подпісы яны збіраюцца аднесці ў рэктарат і прадубляваць у Міністэрства адукацыі.

- Такую колькасць там не павінны праігнараваць, - упэўненыя яны.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках