Расія атакавала Львоўшчыну, Дняпро і Харкаў
1- 13.10.2026, 7:56
- 1,042
Дроны ляцелі ў жылыя дамы.
Збіты расійскі беспілотнік выклікаў пажар у двух жылых дамах у вёсцы Мураванае Львоўскага раёна 13 кастрычніка. Пашкоджаныя яшчэ тры аўтамабілі. Звестак пра загінулых або параненых пакуль няма, на месцы працуюць усе службы, паведаміў кіраўнік Львоўскай ОГА Максым Казыцкі.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, падчас паветранай трывогі збіты варожы беспілотнік зваліўся на жылы дом у вёсцы Мураванае Львоўскага раёна. Гараць два дамы», — напісаў ён. Канчатковы маштаб разбурэнняў яшчэ высвятляюць.
На гэты раз Расія ўжыла супраць захаду Украіны рэактыўныя беспілотнікі. Паводле даных Паветраных сіл ЗСУ, такія дроны фіксавалі над рэгіёнам пасля 06:00 паводле мінскага часу. Адзін з іх ляцеў у бок Перамышлянаў, Віннікаў і Скнілава.
У Львове да з’яўлення інфармацыі пра разбурэнні былі чутныя выбухі. Мэр Андрэй Садовы заклікаў жыхароў прайсці ў сховішчы: «Увага! Варожы беспілотнік ляціць у кірунку Львова. Перайдзіце ў бяспечнае месца! Працуюць сілы СПА!» Пазней ён паведаміў пра траплянне дрона ў жылы дом у Мураваным, грамада якога непасрэдна мяжуе са Львовам.
Тым жа ранкам расійскія войскі атакавалі Дняпро. У Дняпрапятроўскай ОГА паведамілі, што ў адным з раёнаў горада выбуховая хваля выбіла шыбы ў некалькіх шматпавярховіках. Пазней Ганжа ўдакладніў, што 64-гадовы мужчына атрымаў раненні, медыкі аказалі яму неабходную дапамогу, ад шпіталізацыі ён адмовіўся. З-за ранішніх удараў пашкоджаны аб’ект транспартнай інфраструктуры, шматпавярховыя дамы і аўтамабілі.



Паводле слоў кіраўніка ОВА, больш за 10 разоў вораг атакаваў чатыры раёны вобласці беспілотнікамі і авіябомбай. На Нікапальшчыне акупанты ўдарылі па райцэнтры. У Межырыцкай грамадзе Паўлаградскага раёна загарэўся грузавік. У Сінельнікаўскім раёне ўдар прыйшоўся па Васількоўскай грамадзе, пашкоджаны прыватны дом.
Напярэдадні вечарам, 12 кастрычніка, расійскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па Халоднагірскім і Шаўчэнкаўскім раёнах Харкава. Пад ударам аказаліся жылыя кварталы і аб’екты грамадзянскай інфраструктуры. Адна з ракет трапіла ў чатырохпавярховы жылы дом, у выніку чаго пад’езд цалкам разбураны.