29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнты БДУ сабралі тысячы подпісаў супраць платных пераздач

5
Студэнты БДУ сабралі тысячы подпісаў супраць платных пераздач

Навучэнцы галоўнага ўніверсітэта краіны пратэстуюць супраць увядзення платы за пераздачу экзаменаў і залікаў.

Пра гэта адміністрацыя БДУ абвясціла напачатку лістапада. Кажуць, што пастанова яшчэ не прынятая, але падчас абмеркавання спасылаюцца на досвед большасці беларускіх ВНУ, дзе такая практыка існуе ўжо даўно, перадае «Радыё Свабода».

З прапановай плаціць за непаспяховасць не пагадзіліся, перш за ўсё, студэнты гістарычнага факультэта. Пазней, да іх далучыліся і іншыя. Моладзь стварыла групу «Вконтакте» і збіраюць подпісы пад петыцыяй, з якой плануюць звярнуцца ў адміністрацыю.

«Мы ў навінах убачылі, што ў БДУ збіраюцца ўвесці платныя пераздачы экзаменаў і залікаў, - распавёў адзін з актывістаў кампаніі. - Спачатку дзяржаўныя СМІ пра гэта паведамілі, а потым ужо ў дэканатах сабралі ўсіх старастаў і афіцыйна пра гэта абвясцілі. Нам гэта першапачаткова не спадабалася. Мы напісалі калектыўны зварот. 5 дзён збіралі подпісы супраць гэтай пастановы і сабралі дзве з паловай тысячы. Цяпер будзем аддаваць іх у адміністрацыю».

Навучэнцы мяркуюць, што такім чынам адміністрацыя БДУ спрабуе папоўніць свой бюджэт. Паводле падлікаў групы «Вконтакте» пад назвай «# студентыпротив», нават калі за пераздачу давядзецца заплаціць 25 000 рублёў, то за адзін семестр універсітэт можа атрымаць 225 мільёнаў.

«Вы ўсё яшчэ лічыце, што БДУ - альма-матэр? Альма-матэр перакладаецца з латыні як «маці-карміцелька». Здаецца, Рада БДУ трохі пераблытала сэнсы. Прыспеў час нагадаць яму пра гэта», - пішуць студэнты ў сваёй групе «Вконтакте».

Яны параўналі беларускія новаўвядзенні з тым, што робяць у такіх выпадках у іншых краінах.

«У Балонскай сістэме наогул не прадугледжаныя пераздачы. У Расеі ў верасні выйшаў дакумент, які катэгарычна забараняе браць плату за пераздачы. А ў нас, наадварот, хочуць зрабіць платным усё, - тлумачыць студэнт. - У перспектыве, нібыта, хочуць браць грошы за пропускі семінарскіх заняткаў і лабараторных работ. У некаторых інстытутах нават за пропускі лекцый бяруць грошы, напрыклад, у Інстытуце бізнэсу і мэнэджмэнту пры БДУ».

Хлопец кажа, што сярэдняя стыпендыя ў студэнтаў-бюджэтнікаў - 800 тысяч рублёў. «Гэта дробязь, пражыць на якую немагчыма. Заплаціць за інтэрнат, тэлефон, інтэрнэт - месяц не пражыць. А калі яшчэ і за пераздачы плаціць?!»- дадаў студэнт.

На ягоную думку, у студэнтаў досыць матывацыі вучыцца добра, а браць грошы за пераздачы - захад проста «рэпрэсіўны».

«Калі студэнта-бюджэтніка адпраўляюць на пераздачу, то яго пазбаўляюць стыпендыі да наступнай сесіі. Гэта ўжо пакаранне. Калі студэнт добра здае сесію, то стыпендыя ўзрастае. Гэта матывацыя», - кажа студэнт.

Студэнты-платнікі за добрую вучобу могуць атрымаць зніжку на аплату за навучанне - гэта іх таксама матывуе.

«Мы абышлі мноства навуковых факультэтаў і інтэрнатаў. Заўважылі, што практычна ўсе супраць гэтага. Мы паспелі прыцягнуць увагу СМІ. Пра нас шмат, дзе напісалі», - працягнуў навучэнец БДУ.

«Мне здаецца, апошнія гады ў БДУ ды ў іншых універсітэтах такога не было, каб студэнты выступілі супраць хоць чаго-небудзь. Нават падчас выбараў маўчалі», - дадаў ён.

Хлопец кажа, што сам не баіцца пацярпець за сваю актыўнасць.

«Захад здымае санкцыі супраць Беларусі, мы ўступаем у Балонскую сістэму. Не думаю, што будуць дзейнічаць жорстка. У нашай жа дзейнасці няма ніякай палітыкі, - тлумачыць студэнт з упэўненасцю. - Мы баронім свае правы. Не думаю, што кагосьці адлічаць».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках