23 красавiка 2024, aўторак, 11:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты руху «Студэнты супраць»: Паспрабуйце да нас прыслухацца

5
Актывісты руху «Студэнты супраць»: Паспрабуйце да нас прыслухацца

Студэнты мяркуюць, што мэта звароту рэктара БДУ ў сувязі з ініцыятывай правесці марш - пераканаць іх «не падымаць галаву».

Пра гэта яны заявілі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» 26 лістапада.

Адразу пасля паведамлення аб правядзенні ў Менску 2 снежня маршу студэнтаў рэктар БДУ Сяргей Абламейка звярнуўся да моладзі ВНУ праз афіцыйную групу ў сетцы «Вконтакте» і на сайце ўніверсітэта. У ліку іншага ён адзначыў, што «абураны спробамі некаторых арганізацый перавесці абмеркаванне пытання аб увядзенні платы за пераздачу залікаў і экзаменаў з выключна адукацыйнай і прававой у палітычную плашчыню», піша БелаПАН.

«Уважаем за непрымальныя спробы ўцягнуць студэнтаў нашага ўніверсітэта і іншых універсітэтаў краіны ў дэструктыўныя працэсы, закліканыя раскалоць акадэмічную супольнасць, скампраметаваць сістэму вышэйшай адукацыі краіны», - гаворыцца ў звароце рэктара.

Аднак актывісты руху «Студэнты супраць» адмаўляюць сувязь з нейкімі палітычнымі рухамі і настойваюць, што не ўяўляюць ніякія палітычныя сілы, а сам марш студэнтаў будзе апалітычным.

Яны просяць убачыць у іх партнёраў: «Універсітэт - гэта саюз адміністрацыі, выкладчыкаў і студэнтаў. Студэнты - трэцяя сіла. Дзякуй, што заўважылі нашы намаганні. Паспрабуйце яшчэ і прыслухацца, а не спрабаваць з дапамогай прапаганды і ціску змяніць меркаванне студэнтаў».

Студэнты таксама паведамляюць, што ў БДУ пачалася кампанія ў дэманізацыі руху «Студэнты супраць» і маршу студэнтаў.

«Адміністрацыя дзейнічае з двух бакоў: з аднаго боку, яна мацней пачынае ціснуць на студэнтаў (праверкі, размовы, сустрэчы), а з другога - робіць публічныя заявы, у якіх называе нас трэцяй сілай, намякаючы, што мы дзейнічаем па чыёйсьці ўказцы», - гаворыцца ў адказе рэктара.

У заяве таксама адзначаецца, што «развітая сістэма органаў студэнцкага самакіравання», пра якую піша рэктар, ніяк не прадстаўляе інтарэсы студэнтаў і не здольная ўплываць на сітуацыю.

У пачатку лістапада студэнты БДУ арганізавалі збор подпісаў пад зваротам да міністра адукацыі ды рэктара сваёй ВНУ супраць меркаванага ўвядзення платы за паўторную здачу залікаў і экзаменаў. 11 лістапада зварот, пад якім падпісалася больш за 2,5 тысячы чалавек, перадалі ў рэктарат БДУ, аднак ужо на наступны дзень палажэнне аб аплаце ў ВНУ было прынятае.

На пасяджэнні круглага стала ў Менску 19 лістапада ініцыятары звароту паведамілі, што на студэнтаў, якія бралі ўдзел у зборы подпісаў, пачалі ціснуць. Такая сітуацыя, паводле іх інфармацыі, акрамя БДУ назіраецца і ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Танка, дзе студэнты таксама ўздымалі пытанне аб скасаванні платы за пераздачу экзаменаў.

З'явілася рэакцыя на ініцыятыву правесці марш студэнтаў і ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце: куратары груп павінны давесці да ведама студэнтаў, што ўдзел у акцыі непрымальны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках