28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У прадпрымальнікаў масава канфіскоўваюць тавары

177
У прадпрымальнікаў масава канфіскоўваюць тавары

ІП не могуць дамагчыся ад чыноўнікаў праўды пра сітуацыю з рэалізацыяй рэшткаў тавараў.

Старшыня РГА "Пэрспэктыва" Анатоль Шумчанка распавёў charter97.org аб тым, што ва ўсёй краіне ўзрасла колькасць праверак і канфіскацый тавару ў індывідуальных прадпрымальнікаў, а чыноўнікі нават не думаюць уносіць змены ў гучны Указ №222, паводле якога пачынаючы з 1 сакавіка ІП не змогуць гандляваць таварам без суправаджальных дакумэнтаў, што азначае фактычнае спыненне дзейнасці для большасці.

- Да «дня ікс» ужо менш за месяц. Што адбудзецца 1 сакавіка?

- Напраўду тое, што ўчора сказалі журналістам іншыя прадпрымальнікі - не зусім дакладна. Без працы паводле новых умоў з 1 сакавіка застанецца не палова ІП, а 99%. Сёння склалася такая сітуацыя: мне тэлефануе вельмі шмат людзей з рэгіёнаў і кажуць, што, мяркуючы з усяго, дадзены загад для праверкі. Вельмі шмат адбываецца канфіскацый, прычым канфіскоўваюць тавар без дакумэнтаў нават на шляху ад камеры захоўвання да гандлёвага месца. Учора было дзве такія канфіскацыі ў Пінску. Таксама тэлефанавалі з Капыля - у іх сканфіскавалі тавар і падчас канфіскацыі сказалі: «Скажыце дзякуй, што мы мікрааўтобус у вас не забралі». Сітуацыя ўвогуле «вясёлая».

- РГА "Пэрспэктыва" змясціла зварот у Міністэрства гандлю і эканомікі, а таксама ў адміністрацыю Лукашэнкі з просьбай паспрыяць і высветліць сітуацыю з нагоды галоўнай для прадпрымальнікаў праблемы: падаўжэння тэрміну рэалізацыі рэшткаў тавару без суправаджальных дакумэнтаў. Цяпер з гэтым пытаннем усё яшчэ нічога не ясна?

- Рэч у тым, што 27 студзеня з'явілася інфармацыя ў СМІ ад намесніка міністра гандлю Ірыны Наркевіч аб тым, што разглядаецца тры варыянты пераносу тэрмінаў рэалізацыі рэшткаў тавару. Я патэлефанаваў сваім калегам з «Пэрспэктывы» і папрасіў змясціць гэтую інфармацыю на нашым сайце. Яны пытаюцца: «А на якім гэта было сайце? Ужо нічога няма!». Выйшла, што спачатку яна гэта сказала, усе журналісты запісалі, а потым з нейкай прычыны гэтую навіну знялі з публікацыі.

Я тэлефанаваў у Дэпартамэнт прадпрымальніцтва, там таксама пацвярджалі інфармацыю аб тым, што нібыта рыхтуецца пастанова аб рэштках. Натуральна, мы чакалі-чакалі, усе прадпрымальнікі з натхненнем і заспакаенне думалі, што «абмінула»: рэшткі спрадаць яны паспеюць, і пытанне развязанае. І тут я падумаў, што нешта тут не тое, і трэба праверыць яшчэ раз. Я ведаю, што распрацоўкай гэтага праекта займалася міністэрства падаткаў і збораў, і трэба тэлефанаваць туды, бо карэктывы, відавочна, будуць уносіцца з іх боку. І тады я затэлефанаваў у Міністэрства падаткаў і збораў, каб пагаварыць з Таццянай Пятрэнкай. Я ў яе пытаю: як бы нам можна было атрымаць праект на публічнае абмеркаванне? Яна мне адказвае: ніякага праекта няма, і ніхто ніякія змены абмяркоўваць не будзе. Дзейнічае Указ №222, і рэшткі павінны быць прададзеныя да 1 сакавіка. На маё пытанне, чаму тады Міністэрства эканомікі сцвярджае іншае, яна адправіла мяне пытацца пра гэта ў іх.

На сённяшні дзень склалася такая сітуацыя: Міністэрства падаткаў і збораў катэгарычна адмаўляецца супрацоўнічаць, праекта на руках у нашай арганізацыі няма. У той жа дзень я таксама затэлефанаваў у Міністэрства эканомікі з просьбай аб сустрэчы. Тэлефон мой запісалі, але нічога не адказалі. Потым я затэлефанаваў намесніку міністра Міністэрства эканомікі, але пагутарыць з ім не выпала. Таму мы і адправілі такі запыт.

- Што гэта азначае? Чыноўнікі гэтую праблемы проста ігнаруюць? Валаводзяць?

- Цяжка сказаць. Але мне здаецца, што на сённяшні дзень гэта азначае, што пакуль сапраўды ніякага праекта і няма. Калі казаць пра сітуацыю на сённяшні момант, то мы не бачым ніякіх перадумоў для чыноўнікаў, каб нешта там распрацоўваць. У адваротным выпадку, нас бы чыноўнікі запрашалі на нарады і нейкім чынам спускалі б гэтыя праекты ў арганізацыі, як гэта было раней. Калі распрацоўваўся Указ №222, у нас была процьма праектаў. А тут нічога няма. Выходзіць, трэба прадпрыемцам так і сказаць: разумееце, сёння ніякіх перадумоў для падаўжэння рэшткаў няма, і ніхто гэта рабіць не мерыцца. А калі ёсць чыноўнікі, якія разумеюць, што рабіць гэта трэба, то, мабыць, іхні голас сёння вельмі слабы.

- Неўзабаве адбудзецца Форум прадпрымальнікаў. Што на парадку дня?

- Усё тое ж. Менавіта таму мы і збіраем 16 лютага Форум прадпрымальнікаў, каб выказаць наш пункт гледжання і пераканаць улады, што пытанні прадпрымальнікаў трэба развязваць. Нам трэба бестэрміновае падаўжэнне рэшткаў, што, дарэчы, супадае з пазіцыяй міністэрства эканомікі. Ну і вядома ж, мараторый на канфіскацыю і праверкі. Галоўная мэта - дамагчыся таго, каб з 1 сакавіка не надышоў калапс у прадпрымальніцкай сфэры. Мне прадпрыемцы ўжо сёння кажуць пра тое, што калі сёння рэшткі не будуць з 1 сакавіка падоўжаныя, то яны працаваць не змогуць і сыдуць у доўгатэрміновы адпачынак і гэтак далей. Нам такая сітуацыя не патрэбная. Мы хочам, каб з 1 сакавіка былі выплачаныя грошы за арэнду, падаткі - каб усё было стабільна і добра, каб чыноўнікі не даводзілі сітуацыю да граніцы. Трэба гэтую сітуацыю пераламаць, бо яна вельмі цяжкая.

Нагадаем, напярэдадні ў Горадні адбылася канфліктная сітуацыя на рынку "Паўднёвы". Як стала вядома, падаткавікі прыйшлі з пазапланавай праверкай. У аднаго з гандляроў хацелі сканфіскаваць тавар, аднак інспектары, паводле прадпрымальнікаў, не паказалі адпаведнага дакумэнту. У чацвер з'явілася тлумачэнне падатковай інспекцыі, што ў гандляра не было дакумэнтаў на тавар, а прадпісанне было падрыхтаванае падатковай інспекцыяй Ленінскага раёна паводле аператыўных звестак міліцыі.

Напісаць каментар 177

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках