26 красавiка 2024, Пятніца, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія прадпрымальнікі адмовіліся плаціць падаткі

51

На Полацкім рынку ў Віцебску прайшоў сход прадпрымальнікаў.

Яны пастанавілі не плаціць падаткі і не выходзіць на працу да той пары, пакуль не ўбачаць новых дакументаў, якія рэгламентуюць прадпрымальніцкую дзейнасць, паведамляе «Радыё Свабода».

Дэкларацыі аб тым, што ўжо рыхтуецца новы ўказ, які дазволіць гандляваць без абавязковай сэртыфікацыі, прадпрымальнікаў не задаволілі. Віцебскія рынкі па-ранейшаму не дзейнічаюць, спынілі працу блізу 80% ІП. Што тычыцца Полацкага рынка, то з мінулага тыдня ён практычна пусты.

Учора гандляры таксама не выйшлі на працоўныя месцы, але правялі мітынг на ініцыятыву Анатоля Шапавалава, актывіста рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва».

«Няма надзеі на тое, што новы дакумент істотна зменіць нешта ў нашым жыцці. Бо яго рыхтуюць тыя ж структуры, якія раней стваралі нам толькі праблемы ў працы. "Перспектыва" сфармулявала шэраг прапаноў, мы адправілі іх на разгляд. Праўда, маю асабістую прапанову не ўключылі, а я прапаноўваў запісаць, каб неадкладна паднялі заробкі нашым пакупнікам, інакш гандлёвыя цэнтры і кірмашы застануцца пустымі, і ўжо не праз тое, што мы не працуем. У людзей проста няма грошай!» - кажа Анатоль Шапавалаў.

Прадпрымальніцкі мітынг доўжыўся ўсяго блізу 20 хвілін. Гандляры пагадзіліся, што пакуль няма чаго абмяркоўваць: абяцанага дакумента як не было, так і няма. Абмяркоўвалі толькі ці варта плаціць падаткі. Менавіта да гэтага заклікаюць прадпрымальнікаў улады, абяцаючы не караць іх за адсутнасць сэртыфікатаў на тавары. Але падаткі павялічыліся - праўда, ніхто не можа растлумачыць механізм, чаму яны так узраслі.

Пакупнікоў на Полацкім рынку таксама няма. Людзі ведаюць, чаму спынены гандаль, і не ідуць па пакупкі.

За сходам прадпрымальнікаў пільна назірала віцебская міліцыя: у натоўпе былі заўважаныя службовыя асобы досыць высокага рангу - прадстаўнікі абласнога ўпраўлення МУС у цывільным. У абмеркаванні і спрэчкі яны не ўмешваліся.

Нагадаем, нядаўна ў Беларусі прайшоў Форум прадпрымальнікаў, на якім улады паставілі крыж на надзеях прадпрымальнікаў развязаць канфлікт з улікам іх меркавання: з 1 сакавіка ў дзеянне ўваходзіць нашумелы Указ №222 і гандляваць без належных суправаджальных дакументаў будзе забаронена. У выпадку парушэнняў прадпрымальнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскоўвацца.

Цягам апошніх некалькіх месяцаў ішлі масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.

1 сакавіка прадпрымальнікі проста не выйшлі на працу. Так, у Менску і ў рэгіёнах пуставалі ўсе найбуйнейшыя рынкі. Палова ІП патлумачылі сваю адсутнасць «адпачынкам». Шматлікія «з'ехалі за таварам» ці адкрыта абвясцілі, што прыпыняюць працу да высвятлення ўсіх умоў.

На пачатку гэтага тыдня прадстаўнікі малога бізнэсу атрымалі права на гандаль таварамі без сэртыфікатаў, але толькі фармальна. На ўзроўні заканадаўства гэта пакуль не знайшло свайго выяўлення.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках