Васіль Парфянкоў: Пакуль ва ўладзе Лукашэнка, вярнуцца ў Беларусь складана
15- 20.09.2015, 15:58
- 41,557
Сябры і паплечнікі наведалі параненага беларуса ў адэскім вайсковым шпіталі.
Васіль Парфянкоў знаходзіцца ў аддзяленні таракальнай хірургіі (хірургіі органаў грудной клеткі). Ён кажа, што агулам адчувае сябе нядрэнна, але стан пагаршаецца ўначы. Пашкоджаныя мяккія тканіны, але артэрыі не зачэпленыя, паведамляе «Радыё Свабода».
![](https://i.c97.org/p/galleries/2015/gi-15029-72584-big.jpg)
«Пакуль ва ўладзе Лукашэнка, вярнуцца ў Беларусь складана - будуць заведзеныя крымінальныя справы. Прыйдзецца пачакаць. Дзякуй Богу, цяпер у мяне і іншых беларусаў, якія ваююць тут, на Данбасе, зрушылася з мёртвай кропкі справа з атрыманнем украінскага грамадзянства. Будзе не так страшна, што нас могуць дэпартаваць», - сказаў ён.
Персанал шпіталя ставіцца да параненых вельмі добра, часта прыходзяць валанцёры. Медыкі пакуль не даюць дакладных прагнозаў, але звычайна пры такіх траўмах у стацыянары трэба знаходзіцца блізу месяца.
Васіль Парфянкоў быў удзельнікам Плошчы ў 2010 годзе, прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі, але ўжо ў жніўні 2011 года быў памілаваны. Пасля гэтага актывіст двойчы апынаўся за кратамі за сваю палітычную дзейнасць. Выйшаўшы з турмы ў снежні 2014 года, ён з'ехаў ва Украіну і далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, якія бяруць удзел у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе.
Васіль Парфянкоў з'яўляецца лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасць», якую ў 2015 годзе ўручыў яму сайт charter97.org.
Былы палітвязень ваюе ў складзе батальёна АУН. Ён быў паранены 13 верасня ў Пясках пад Данецкам.