У польскім Уроцлаве адбудзецца Фестываль незалежнай беларускай культуры
- 15.10.2026, 10:20
Ужо ў 14-ы раз.
У польскім Уроцлаве адбудзецца XIV Фестываль незалежнай беларускай культуры. Мерапрыемствы пачнуцца 17 кастрычніка і працягнуцца да 24 кастрычніка.
Традыцыйны фестываль стаў прасторай сустрэчы незалежных творчых асобаў з розных сфер — музыкаў, мастакоў, акцёраў, пісьменнікаў, рэжысёраў і фатографаў. У праграме — канцэрты, спектаклі, літаратурныя прэзентацыі, выставы, а таксама кінапакзы і дыскусіі.
Лозунг сёлетняга фестывалю, як распавялі сайту Charter97.org арганізатары, — «Жывіца» (Żywica).
«Жывіца — гэта стыхія, якая цячэ, лечыць і злучае. Як жывіца дрэва: выдабытая з глыбіні, трывалая, здольная захаваць у сабе след часу. Гэта вобраз культуры, якая жыве», — кажуць арганізатары.
Фестываль адкрые аўтарская сустрэча і прэзентацыя кніг вядомага беларускага паэта Уладзіміра Някляева, якая адбудзецца ў суботу, 17 кастрычніка, а 15:00 у Нацыянальным інстытуце імя Оссолінскіх ва Уроцлаве (Nankiera 17).
Падчас фестывалю таксама будзе ўручаная Прэмія за падтрымку і развіццё беларускай культуры.
Арганізатарам фестывалю выступіў фонд «Za Wolność Waszą i Naszą».

