У дзяржорганах разгледзяць петыцыю за ўвядзенне кантролю на мяжы з РФ
16- 6.12.2016, 21:23
- 30,112
Жыхар Магілёва сабраў больш за паўтысячы подпісаў за ўвядзенне мытнага і памежнага кантролю на мяжы з Расеяй.
Антон Касцоў сабраў больш за паўтысячы подпісаў за ўвядзенне мытнага і памежнага кантролю на мяжы з РФ, паведамляе БелаПАН.
«Адсутнасць мытнага і памежнага кантролю на мяжы нашай дзяржавы з Расейскай Федэрацыі пагражае эканамічнай і грамадскай бяспецы нашай краіны. Паводле звестак МУС РБ, больш за 60% кантрабанднага тавару экспартуецца менавіта з Расейскай Федэрацыі. Ценевы рынак няякаснага алкаголю (падробленай гарэлкі) з Расеі складае ў сярэднім блізу 200 мільёнаў даляраў ЗША штогод у грашовым эквіваленце. Найбольш небяспечным з'яўляецца бясконцы струмень нелегальных наркатычных (так званых спайсаў) і псіхатропных рэчываў з суседняй краіны», — гаворыцца ў петыцыі, створанай Касцовым на сайце petitions.by 23 верасня.
У ёй таксама паведамляецца, што «не рэдкія выпадкі пранікнення на беларускую тэрыторыю з боку ўсходняга суседа сутэнёраў ды іншых злачынных элементаў».
«Усё гэта пагражае жыццю і здароўю нашых грамадзян і падважвае грамадскі парадак. У сувязі з гэтым мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусі, патрабуем распрацоўкі захадаў для ўвядзення і ажыццяўлення сталага мытнага і памежнага кантролю на мяжы нашай дзяржавы з Расейскай Федэрацыяй», — адзначаецца ў петыцыі, якую пад 24 лістапада падпісаў 551 чалавек.
Дакумент быў накіраваны ва ўрад і «палатку». 6 снежня Антон Касцоў змясціў адказ з апарата Рады міністраў з подпісам начальніцы аддзела працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Людмілы Астроўскай.
У адказе гаворыцца, што электронны зварот накіраваны для разгляду ў дзяржаўны памежны камітэт і Дзяржаўны мытны камітэт з просьбай паведаміць аб выніках.