26 красавiка 2024, Пятніца, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чарнобыльскі шлях» пройдзе з патрабаваннем скасаваць будаўніцтва Астравецкай АЭС

1
«Чарнобыльскі шлях» пройдзе з патрабаваннем скасаваць будаўніцтва Астравецкай АЭС

Акрамя таго, на мітынгу 26 красавіка запатрабуюць вываду з Беларусі вайсковых самалётаў РФ і адмовы ад расейскіх авіябазаў.

Пра гэта сайту charter97.org паведамілі арганізатары «Чарнобыльскага шляху» -2016.

«30 гадоў у Беларусі старанна сціралі памяць аб гэтай катастрофе, гісторыю перапісвалі. Улады Беларусі надзейна захоўваюць таямніцу наступстваў Чарнобыля, і за 30 гадоў беларуская зямля стала для навукоўцаў, экспэртаў і эколагаў свету «тэра-інкогніта», - гаворыцца ў рэзалюцыі «Чарнобыльскага шляху».

«Улады Беларусі будуюць другі Чарнобыль - Астравецкую АЭС, - які паводле сваіх маштабаў можа перасягнуць першы, пагражаючы ператварыць унікальнае Беларускае Паазер'е ў радыеактыўную пустэчу. Будуюць паводле расейскага эксперыментальнага праекту, за расейскія грошы, парушаючы нормы, правы грамадзян, законы, там, дзе няма ніякага попыту на атамныя мегаваты, у 20-ці кіламетрах ад Літвы», - заяўляюць арганізатары шэсця.

«Нам не патрэбная такая «стабільнасць». Мы хочам сказаць «годзе!» ядзернаму генацыду нашага народа», - заяўляюць лідары апазіцыі і прыводзяць патрабаванні да ўлады, якія будуць вылучаныя на мітынгу 26 красавіка:

1. Неадкладна спыніць будаўніцтва АЭС. Распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага энэргетычнага развіцця Беларусі.

2. Раскрыць інфармацыю аб наступствах Чарнобыля ў Беларусі. Спыніць гаспадарчае асваенне і засяленне забруджаных тэрыторый. Аднавіць дзеянне закона «Аб сацыяльнай абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС», прынятага ў 1991 годзе, а таксама ўжыць рэальныя захады для яго рэалізацыі, забяспечыўшы магчымасці для перасялення людзей з забруджаных Чарнобылем тэрыторый. Забяспечыць сістэмны і даступны грамадзянам радыелагічны кантроль і медыцынскі скрынінг на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

3. Вывесці з тэрыторыі Беларусі расейскія ўдарныя самалёты, здольныя несці на борце тактычнае ядзерную ўзбраенне. Адмовіцца ад планаў размяшчэння на тэрыторыі Беларусі замежных вайсковых базаў. Захоўваць нейтральны бяз'ядзерны статус, як загадвае Канстытуцыя Беларусі.

4. Даць магчымасць грамадзянам вызначаць, якімі будуць іх навакольнае асяроддзе, горад і краіна. Правесці дэмакратычныя рэформы, забяспечыўшы свабоду слова, сходаў, стварэння грамадскіх арганізацый і палітычных партый, правядзенне свабодных і празрыстых выбараў. Спыніць палітычныя рэпрэсіі, схаваныя і відавочныя.

Нагадаем, што сёння Менгарвыканкам дазволіў правядзенне «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка ў Менску, змяніўшы заяўленае арганізатарамі месца збору. Збор удзельнікаў шэсця дазволены а 18.00 каля кінатэатра «Кастрычнік» у раёне станцыі метро «Акадэмія Навук».

Арганізатарамі «Чарнобыльскага шляху» выступіла Партыя БНФ, рух «За свабоду», рух салідарнасці «Разам», Беларуская партыя «Зялёныя», Аб'яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт для стварэння партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Ганаровай старшынёй аргкамітэта стала лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках