Axios: Крэмль пакуль не пагадзіўся на абвешчанае энергетычнае перамір'е
1- 12.10.2026, 8:14
- 1,682
Перамір'е пакуль датычыцца толькі НПЗ.
Расія пакуль не пагадзілася на абвешчанае прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам энергетычнае перамір'е з Украінай, паведамілі Axios дасведчаныя крыніцы. «Расейцы над гэтым думаюць. Хутка даведаемся, ці гатовыя яны», — сказаў выданню суразмоўца ў Белым доме.
Пры гэтым ён удакладніў, што перамір'е прадугледжвае спыненне атак на нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) адзін аднаго. Калі ўдары па НПЗ спыняцца, дамоўленасць могуць пашырыць на электрастанцыі і энергасеткі.
У той жа час суразмоўца Axios ва Украіне назваў схему «НПЗ за НПЗ» нераўназначнай, бо ў Расіі ёсць шырокая сетка нафтаперапрацоўчых заводаў, а ў Украіны толькі адзін, які працуе не на поўную магутнасць. «Мы імпартуем дызель і бензін. Нам трэба, каб расейцы перасталі атакаваць нашу энергасістэму», — падкрэсліў украінскі чыноўнік. Сам Трамп дамагаецца, каб Украіна спыніла атакаваць расейскія НПЗ, таму што, на яго думку, з-за гэтых удараў растуць цэны на аўтамабільнае паліва ў ЗША. «Трамп вельмі злы. Яму здаецца, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прымае ЗША як нешта само сабой зразумелае», — сказаў крыніца Axios у Белым доме.
Трамп абвясціў пра пачатак энергетычнага перамір'я паміж Расіяй і Украінай напярэдадні, 11 кастрычніка. «Абодва бакі згадзіліся. Не парушайце яго», — напісаў амерыканскі прэзідэнт у сваёй сацсетцы Truth Social. Зяленскі, у сваю чаргу, заявіў, што упершыню чуе пра пагадненне.