Актывіст са Слоніма: На Плошчы-2010, акрамя студэнтаў, было шмат працоўных
3- 20.12.2017, 11:09
- 12,184
Іван Бедка распавёў, як паехаў на акцыю пратэсту ў Менск, каб выканаць свой абавязак.
Шмат слонімцаў бралі ўдзел у самай масавай акцыі пратэста 19 снежня 2010 года
супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў-2010.
Сярод якіх быў і сённяшні кіраўнік Слонімскай суполкі БХД Іван Бедка. «Радыё Рацыя» папрасіла актывіста ўспомніць той час сямігадовай даўніны.
- Чаму вы сем гадоў таму надумалі ўзяць удзел у акцыі пратэста 19 снежня 2010 годa?
- Я трапіў у Менск на Плошчу, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, каб зрабіць свой унёсак у спыненне духоўнага і прававога Чарнобыля ў Беларусі, які доўжыўся больш за 16 гадоў. І я ўважаў за свой абавязак там прысутнічаць. І я свой абавязак выканаў.
- Як вас арыштоўвалі?
- АМАП раскалоў мітынгоўцаў на групы, я быў акурат на плошчы Незалежнасці недалёка ад помніка Леніну. Амапаўцы атачылі нас, падагналі аўтазакі і загналі нас туды. Самых апошніх білі дубінкамі па чым патраплялі. Адной жанчыне на маіх вачах дубінай выбілі зубы. Потым зачынялі дзверы аўтазакаў і везлі на Акрэсціна.
- Колькі прыблізна людзей прысутнічала на акцыі?
- Дзесьці блізу 50 тысяч чалавек. Больш было моладзі, студэнтаў навучальных устаноў Менска, выкладчыкаў, шмат было простых рабочых. Са мной у камеры сядзелі адзін выкладчык, чатыры студэнты, быў адзін беспрацоўны. Розныя былі людзі.
- І куды вас усіх павезлі з плошчы Незалежнасці?
- На Акрэсціна. Там выгрузілі, загналі ў новы корпус, дзе трымалі да раніцы. Адначасова афармлялі паперы, далучыўшы нейкіх сведак - АМАПаўцаў, якіх мы бачылі ўпершыню. На Акрэсціна нас трымалі ў калідорах на ўсіх паверхах. Не давалі гаварыць, прымушалі стаяць тварам да сцяны, рукі трымаючы за галавой. А калі мы пачыналі казаць, то крычалі: "маўчаць!" Праз тэлефоны таксама нельга было размаўляць. На другія дзень павезлі на суд. А ў судзе ўсё было хутка і проста: усім давалі па 15 дзён арышту, жанчынам - па 10, інвалідам - па 5, іншым - штраф. Пасля суда нас трымалі ў "стаканах".
- Што гэта за "стаканы"?
- Гэта камеры, дзе месцяцца толькі два чалавекі, а нас заганялі туды па чатыры чалавекі і трымалі па паўтара дня. Не давалі ні піць, ні хадзіць у прыбіральню, нічога не дазвалялі.
- А пасля "стаканаў"?
- А пасля "стаканаў" нас пачалі размяркоўваць па камерах. У новым корпусе Акрэсціна было больш-менш прыстойна. Там былі двух'ярусныя лежакі, матрацы нам выдалі, падушкі. А калі перавялі ў стары будынак, то там нічога не было, там проста здзекаваліся з затрыманых.
- А вы дзе былі?
- У старым корпусе. У камерах там нас было па 10 чалавек, камеры невялікія. Забаранялі спачатку адкрываць вокны для праветрывання, ніякіх матрацаў у нас не было. Калі мы пачалі пісаць скаргі, то дазволілі адчыніць акно. На шпацыр нас не выводзілі.
- А як кармілі?
- Тры разы на дзень: каша, нейкая баланда, гарбата, хлеб.
- Ці даходзілі да вас перадачы з волі?
- Так. Мы да сённяшніх дзён вельмі ўдзячныя за падтрымку, дапамогу. Перадаваць можна было толькі ваду, паперу туалетную, паперу звычайную, зубную пасту, асадкі. Спалі на голых нарах у сваёй вопратцы.
- Што цяжэй было пераносіць у няволі?
- Гэта стаяць у "стаканах". Калі прасілі вады, ахоўнікі казалі: "Нам самім не стае вады".
- А прэсу можна было вам перадаць?
- Нельга. Але некаторыя газеты мы атрымлівалі. Напрыклад, у "Нашай ніве" прачыталі спіс затрыманых.
- Ці памяняўся за гэты час наш народ?
- Памяняўся. Ён стаў больш смелым і адкрытым, яму надакучыла гэтая ўлада. Але сёння выбараў дэмакратычных у Беларусі, як не было, так і няма...