Мінюст ЗША пацвердзіў абвінавачванні супраць былога лідара Кубы Рауля Кастра
- 20.05.2026, 22:01
Фота: EPA-EFE/ ALEJANDRO ERNESTO
Падрабязнасці.
Супраць былога лідара Кубы Рауля Кастра і іншых асоб вылучылі абвінавачванні ў змове з мэтай забойства амерыканцаў. Пра гэта заявіў выконваючы абавязкі генпракурора ЗША Тодд Бланш.
«Кастра і іншым фігурантам таксама прад’яўлены абвінавачванні ў іншых злачынствах, у тым ліку ў знішчэнні паветранага судна, а таксама чатыры асобныя абвінавачанні ў забойстве», — заявіў Бланш на прэс-канферэнцыі.
Сёння Reuters са спасылкай на судовыя матэрыялы пісала пра абвінавачанні супраць Кастра. Паводле дадзеных агенцтва, 94-гадовы былы лідар Кубы абвінавачваецца па двух эпізодах знішчэння паветранага судна. The New York Times пісала, што высокапастаўленыя чыноўнікі ЗША не выключаюць захоп былога лідара Кубы паводле венесуэльскага сцэнарыя. У студзені амерыканскія сілы нанеслі ўдары па Венесуэле, захапілі дыктатара Нікаласа Мадура і яго жонку, а затым вывезлі іх з краіны.
Абвінавачванні звязаныя з інцыдэнтам 1996 года, калі знішчальнікі Кубы збілі два самалёты гуманітарнай арганізацыі Brothers to the Rescue «Браты дзеля ратунку». Арганізацыя створаная кубінскімі эмігрантамі ў 1991 годзе ў ЗША. Загінулі чатыры чалавекі, якія знаходзіліся на борце. Урад Кубы абгрунтаваў гэтае рашэнне парушэннем сваёй паветранай прасторы. Brothers to the Rescue спыніла сваё існаванне пасля інцыдэнту.
Нагадаем, у чэрвені 2025-га Аляксандр Лукашэнка казаў пра жаданне сустрэцца з Раулем Кастра і разам наведаць магілу Фідэля. Яго дыктатар лічыць адным з «моцных людзей» нароўні з Садамам Хусэйнам у Іраку і Муамарам Кадафі у Лівіі.
Апошні раз з Раулем Кастра Лукашэнка сустракаўся ў 2015 годзе на пляцоўцы штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. У Беларусі Рауль Кастра бываў у 1976 годзе.