28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея размесціць у Беларусі свае танкі ды іншую тэхніку

86
Расея размесціць у Беларусі свае танкі ды іншую тэхніку

Экспэрты называюць гэта «крокам да вайны».

Урад ухваліў праект праграмы «саюзнай дзяржавы» аб удасканаленні аб'ектаў вайсковай інфраструктуры, якія прызначаны для супольнага выкарыстання з Расеяй.

6 снежня адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабяко, яно ўжо з'явілася на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Згодна з гэтым дакументам Мінабароны Беларусі даручана прапанаваць праект праграмы на разгляд Савету міністраў «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

Цалкам дакумент, падрыхтаваны вайскоўцамі, называецца праектам «Праграмы Саюзнай дзяржавы «Удасканаленне аб'ектаў вайсковай інфраструктуры, якія плануюцца для супольнага выкарыстання ў інтарэсах забеспячэння рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі».

Але аб якой вайсковай інфраструктуры ідзе гаворка? Ці не пра расейскія базы ў Беларусі?

Карэспандэнт «Радыё Свобода» звярнуўся па каментар у Міністэрства абароны Беларусі і наўпрост спытаў: ці не вядзецца ў праекце гаворка аб стварэнні на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых баз?

«Ну якія базы?!» - адказаў прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў. Аднак разгорнутага каментара не даў, спаслаўшыся на занятасць. Макараў прапанаваў патэлефанаваць яму пазней, аднак цягам дня яго тэлефон так і не адказаў.

Экспэрт: «Гэта яшчэ адзін крок да будучай вайны»

«Вядома, гэта азначае, што Беларусь і Расея пачынаюць больш сур'ёзна рыхтавацца да будучай вайны з «нашымі заходнімі партнёрамі», - кажа вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін.

Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі, у нашых ангарах і на нашых складах расейскай вайсковай тэхнікі, якая належыць расейскім часткам аб'яднанай рэгіянальнай групоўкі.

«Папярэднія манеўры паказалі, што калі расейскія часткі з гэтай групоўкі разгортваюцца на тэрыторыі Расеі, гэта займае нават не дні, а тыдні. Бо шмат часу сыходзіць на пагрузку-разгрузку. Таму будзе абраны іншы варыянт: тэхніку і боепрыпасы будуць захоўваць тут, а жывую сілу пры патрэбе хутка даставяць паветрам або цягніком», - кажа экспэрт.

Аляксандар Алесін мяркуе, што ў беларускіх ангарах, якія вызваліліся пасля скарачэння запасаў савецкай зброі, могуць такім чынам размясціць да 300-400 расейскіх танкаў, неабходная колькасць БТР, БМП і боепрыпасаў да іх, а таксама іншай вайсковай тэхнікі. На думку экспэрта, гэтыя сховішчы застануцца ў беларускай юрысдыкцыі, таму за замежныя вайсковыя базамі іх разглядаць нельга.

«І плаціць за ўтрыманне давядзецца з нашага бюджэту. А вось пераезд тэхнікі, арэнду чыгуначных вагонаў і іншыя транспартныя страты прыйдзецца, відаць, выплачваць Расеі», - кажа Аляксандр Алесін.

Экспэрт спаслаўся на досвед амерыканскіх вайскоўцаў, якія таксама захоўваюць вайсковую тэхніку ў краінах-сябрах NАТО ва Усходняй Еўропе.

«Тым часам асноўны чалавечы кантынгент размешчаны ў Злучаных Штатах. На выпадак абвастрэння сітуацыі прадугледжана, што будуць арандаваць цывільныя самалёты для перакідвання сіл. Гэтая практыка цяпер пашыраецца», - кажа Аляксандр Алесін.

Наколькі гэта небяспечна для Беларусі?

Экспэрт мяркуе, што паводле вайсковых планаў, распрацаваных Генштабам дзвюх краін, у выпадку вайсковага канфлікту з Захадам расейская частка супольнай групоўкі павінна з'явіцца ў Беларусі тады, калі беларускае войска ўжо будзе змагацца з агрэсарам.

«Тады будзе важная кожная гадзіна. Думаю, гэтыя планы дазволяць расейцам хутчэй нарасціць тут супольную групоўку», - мяркуе Аляксандр Алесін.

Пры гэтым экспэрт адзначыў, што падрыхтаваны план - «яшчэ адзін крок да магчымай вайны».

«Многае залежыць ад Беларусі, пакуль гэтыя планы не парушаюць нашага суверэнітэту. Калі ўзяць вайскоўцаў, то яны, напэўна, будуць задаволеныя, бо павялічваецца іх рэсурс. Частка прывезенай сюды тэхнікі, як абяцана, пойдзе на замену нашай ужо састарэлай вайсковай тэхнікі. Што да простых грамадзян? Бюджэтныя страты, напэўна, будуць не вельмі прыкметныя, а вось страты ў бяспецы - яны відавочныя», - кажа экспэрт.

Паводле Аляксандра Алесіна, жыхары Барысава, Бабруйска, Баранавічаў - гарадоў, дзе размешчаны асноўныя вайсковыя кантынгенты і базы вайсковай тэхнікі, - ужо цяпер павінны адчуваць сябе ў большай небяспецы, чым жыхары тых паселішчаў, дзе вайскоўцаў няма. На думку экспэрта, з размяшчэннем расейскай вайсковай тэхнікі на беларускіх сховішчах, гэтыя мясцовасці непазбежна стануць аб'ектамі магчымага нападу, а значыць, павялічыцца агульная небяспека.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках